БРСМ на Дзень святога Валянціна прапануе прызнацца ў любові да Радзімы


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць 12-14 лютага 2016 года ўсебеларускую акцыю «За любімую Беларусь!», падчас якой прапануе прызнацца ў любові да Радзімы, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы арганізацыі.

«Любоў да бацькоў, дзяцей, сямʼі, да роднага гораду і пасёлку, да сваёй Радзімы – гэтыя дабрачыннасці зʼяўляюцца асноўнымі складнікамі ў сістэме ўзаемаадносін паміж людзьмі, асновай існавання любога грамадства», – гаворыцца ў канцэпцыі акцыі.

Паводле інфармацыі арганізацыі, падчас акцыі плануюць праесці розныя конкурсы ды імпрэзы. У прыватнасці, моладзевыя актывісты прапануюць стварыць паштовыя скрыні «Валянцінкі майму куміру», каб любы ахвотны мог накіраваць свае пажаданні любімаму музыканту, артысту, спартоўцу, мастаку, навукоўцу, тэлевядоўцу і гэтак далей. «Самыя цікавыя пажаданні будуць перададзеныя адрасатам», – падкрэслілі ў арганізацыі.

У БРСМе, відаць, не бяруць пад увагу, што ў беларускай мове ёсць два словы для абазначэння моцных пазітыўных пачуццяў: каханне і любоў. Дзень святога Валянціна называюць яшчэ Днём закаханых, то бок людзей, між якімі існуе ўзаемны поцяг.

Разам з тым, напярэдадні ў беларускім сегменце інтэрнэту зʼявілася інфармацыя пра тое, што ў адной з менскіх школ падрыхтавалі спіс «для напісання валянцінак кумірам». Паводле апублікаваных фатаграфіяў дадзеных спісаў, дзецям прапанавалі напісаць «валянцінкі» кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, прэмʼер-міністру Андрэю Кабякову, кіраўніку Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, шэрагу віцэ-прэмʼераў, міністраў, кіраўнікам дзяржаўных медыяў, а таксама дыктарам і вядоўцам афіцыйных беларускіх тэлеканалаў.

Сёлета БРСМ сумесна з Менгарвыканкамам і Міністэрствам культуры плануюць правесці свята «Дзень вышыванкі» ў ліпені гэтага года.[/vc_column_text][vc_single_image image=”102703″ img_size=”large”][vc_column_text]МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў