БРСМ хоча фармаваць прафесійную эліту Беларусі


Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі хоча выхоўваць прафесіяналаў для краіны праз студатрады і валанцёрства.

«Лепшая моладзь мусіць працаваць у міністэрствах і ведамствах. Нашая задача з усімі зацікаўленымі – фармаваць эліту, якая заўтра будзе кіраваць краінай», – заявіў першы сакратар Цэнтральнага камітэту БРСМ Андрэй Белякоў.

Ён лічыць, што сёння недастаткова маладых людзей, якія могуць прыйсці на змену цяперашнім кіраўнікам. Таму БРСМ будзе актыўней рыхтаваць прафесійныя кадры.

«Мы робім акцэнт на такіх кірунках, як студэнцкія атрады, валанцёрскі рух, рух Моладзевых атрадаў аховы парадку. Дзякуючы ўдзелу ў іх маладзёны могуць фармавацца як патрыёты і прафесіяналы, як працавітыя, прыстойныя і адказныя асобы», – дадаў Белякоў.

Пра тое, што БРСМ мусіць рыхтаваць кіроўныя кадры не так даўно казаў і Аляксандр Лукашэнка. Сваім указам ён працягнуў бюджэтнае фінансаванне аб’яднання на 2016-2017 гады, але запатрабаваў цягам трох гадоў выйсці на самаакупляльнасць.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў