Брэнд Чавусаў – казак-селянін


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Ці Беларускі казак, які, верагодна, стане брэндам райцэнтра на Магілёўшчыне, мае нешта супольнае з сепаратызмам і ці казацтва – гэта беларуская з’ява?

Райцэнтр Чавусы на Магілёўшчыне абраў сабе сімвал гораду: ім стаў казак. Ці мае чавускі казак нешта агульнае з тымі, якія зараз ваююць на Данбасе ды ці не выключна украінская гэта з’ява – казацтва? Belsat.eu запытаў у дырэктаркі Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музею Іны Казаковай.

« У XVII ст, Чавусы былі сталіцай беларускага казацтва. Тут была рэзідэнцыя палкоўніка Нячая, які называў сябе палкоўніка Чавускім», – распавядае Belsat.eu Іна Казакова. – У нашага казака няма чуба. Нават шаравараў у яго няма. У яго ёсць бровы, вусы, капялюш», – працягвае Іна Казакова.

Казацтва – беларуская традыцыя?

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры археалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, сенатар Ігар Марзалюк не здзіўляецца таму, што Чавусы хочуць абраць у якасці сімвала казака. Кажа, што, сапраўды, Чавусы з’яўляюцца своеасаблівай сталіцай беларускага казацтва.

«Проста ў нас у беларускай гістарыяграфіі склалася такая канцэпцыя, што для беларусаў казацтва не ўласціва. Было ўласціва, ды яшчэ як! Асабліва ў 16 і 17 стагоддзях, асабліва для паўднёвай і ўсходняй Беларусі», – адзначае ў размове з belsat.eu Ігар Марзалюк.

Вынікам паўстання Багдана Хмяльніцкага ва Украіне ды Беларусі сталася сялянска-казацкая вfйна 1648-1651 гг. Тады была спроба стварыць казацкую дзяржаву на землях паўднёва-усходняй Беларусі ды ва Ўкраіне. Такі сепаратызмам 17 стагоддзя жорстка спыніў кароль Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі Чавусы.

«Радзівіл выразаў Чэрыкаў, 1500 чалавек і адсек 500 рук бабруйскім людзям, то чаму свае хлопцы якія баранілі свае інтарэсы супраць тых, хто хацеў ператварыць іх у польскамоўнае быдла, не маюць права на ўвекавечанне? » – пытаецца Ігар Марзалюк

У сваю чаргу кіраўнік магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, гісторык Алег Дзьячкоў не ўпэўнены, што казак – найлепшы сімвал для Чавусаў, бо такі вобраз, на яго думку, даволі супярэчлівы.

«Не ведаю, ці можна лічыць такі вобраз пазітыўным, бо гэта спрэчна: казакі рабілі і шмат добрага, і шмат дрэннага. А наконт таго, ці беларуская гэта з’ява: вельмі шмат беларусаў уцякалі ў часы ВКЛ на Запарожскую сечу і не толькі казакі, але і бандыты, ваяры. Сапраўды, многія з іх былі родам з Беларусі», – заўважае Алег Дзьячкоў.

Казакі хмяльніцкага, на баку якіх змагаліся і беларусы, звярнуліся да Расеі з просьбаю прыняць казацкія землі ў сваю тэрыторыю. У выніку гэтыя падзеі вылілася ў так званую 13-і гадовую вайну (Крывавы патоп) Масковіі з Рэччу Паспалітаю. Падчас Крывавага патопу Чэрыкаў быў амаль цалкам спустошаны маскавітамі.

Казак перамагае Святога Марціна і радзімічанку, якая пасвіць гусей

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Разважаючы аб брэндзе Чавусаў ці Чавусскага раёна гісторык Алег Дзьячкоў раіць звярнуць увагу на вёску Родамля, якую некаторыя спецыялісты называюць магчымай сталіцай радзімічаў: «Там калісьці цэлы горад быў, замак, там быў касцёл, могілкі каталіцкія засталіся, касцёл знеслі за савецкім часам. А вельмі прыгожае замчышча засталося».

Дарэчы, сярод прапановаў па сімвале гораду акурат і была радзімічанка – дзяўчына, якая пасвіць гусей. А таксама каталіцкі Святы Марцін, які размешчаны на гістарычным гербе гораду (сучасны герб паводле гербу дараванага Чавусам Кацярынай II быў зацверджаны ў 2005 годзе – заўв. belsat.eu)

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

І хаця канчаткова казак яшчэ не абраны сімвалам гораду, як заўважае Іна Казакова, у неафіцыйным рэйтынгу жыхароў ён ідзе наперадзе сваіх канкурэнтаў.

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Стужка навінаў