Брэйвік зігануў у судзе


Яшчэ пяць гадоў таму Брэйвік заяўляў, што суды – выдатнае месца для сігналізацыі сваіх поглядаў. Сёння ён падняў руку ў нацысцкім жэсце адразу пасля таго, як з яго знялі кайданкі.

Забойца 77 асобаў судзіцца з Нарвегіяй за «невыносныя ўмовы жыцця». Суд адбываецца непасрэдна ў турме.

Тэрарыст Андэрс Бэрынг Брэйвік падаў на дзяржаву ў суд за невыносныя ўмовы – немагчымасць выйсці ў інтэрнэт ды кантактаваць з іншымі зняволенымі. Турэмныя ўлады чытаюць карэспандэнцыю да Брэйвіка і не дазваляюць пісаць лісты самому, бо баяцца, што праз ліставанне ён можа арганізаваць сетку аднадумцаў.

Брэйвік неаднаразова скардзіўся на гэта і нават спрабаваў галадаваць. Без плёну.

Пасля кансультацыі з адвакатам ён вырашыў падаць на дзяржаву ў суд за парушэнне двух артыкулаў Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека: № 3, які забараняе тартуры, нечалавечае стаўленне або прыніжэнне асобы, і № 8, у якім гаворыцца пра павагу да асабістага жыцця, хатняй прасторы і карэспандэнцыі.

Ойстэн Сторвік заяўляе, што ягоны падабаронны прысвячаў раней большасць часу на навуку, але апошнім часам перастаў вучыцца наагул. Паводле юрыста, гэта – наступства зменаў у псіхіцы праз адзіноту.

Брэйвік мае магчымасць бачыцца толькі з пастарам, лекарамі ды гутарыць з ахоўнікамі.

Жыллёвыя ўмовы тэрарыста – практычна гатэльныя. Ягоная камера – трохпакаёвая кватэра. Адзін пакой – для навукі, другі – для сну, трэці – для гімнастыкі. У яго ёсць тэлевізар і пральная машына. Некалькі гадоў таму ён прасіў адміністрацыю турмы памяняць «састарэлую» прыстаўку PlayStation 2 на PlayStation 3.

Камера Брэйвіка: тры пакоі, кухня, тэлевізар і кампутар (без інтэрнэта).

Нарвежскія журналісты пішуць, што суд для Брэйвіка – магчымасць нагадаць пра сябе ды прадэманстраваць свету свае ідэі.

Уні Эспэланд Маркусэн, маці адной з брэйвікаўскіх ахвяраў, задаволеная, аднак, што позву прынялі:

«Калі ён судзіцца з дзяржавай, і яго ўспрымаюць як кожнага іншага, гэта даводзіць, што мы жывем у краіне, дзе дзейнічаюць законы», – цытуе жанчыну «Aftenpostet».

У ліпені 2011 года Брэйвік зладзіў выбух у цэнтры Осла, які забіў восем чалавек. Бомба мусіла адцягнуць увагу ад іншага злачынства: Брэйвік у форме паліцыянта скіраваўся на выспу Утэя, дзе забіў 69 асобаў, якія бралі ўдзел у летніку моладзевага крыла Партыі працы, кіруючай. Са словаў тэрарыста, гэта была помста за «ісламізацыю краіны».

Ён прызнаўся, што забіў 77 і параніў 240 асобаў. Ён прасіў не лічыць яго псіхічна хворым, а злачынства тлумачыў сваймі ўльтраправымі поглядамі.

Суд прызнаў Андэрса Брэйвіка псіхічна здаровым, яму трэба будзе правесці ў зняволенні мінімум 21 год. Тэрмін можа быць падоўжаны, калі суд вырашыць, што Брэйвік працягвае ўяўляць пагрозу для грамадства.

ДД

Глядзі таксама
Каментары