Брэйвік выйграў працэс супраць Нарвегіі


Брэйвіку не смакуе ежа з пластыкавага посуду.

Суд Осла вырашыў, што дзяржава парушыла правы Андэрса Брэйвіка, вінаватага ў масавым забойстве і асуджанага на 21 год турмы. Пытанне – наколькі зараз злагаднеюць турэмныя ўмовы для галоўнага нарвежскага злодзея.

Сёння акруговы суд Осла сцвердзіў, што Нарвегія парушыла артыкул Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, які забараняе бесчалавечнае абыходжанне і прыніжэнне чалавечай годнасці.

«Забарона бесчалавечнага і зневажальнага годнасць абыходжання мае фундаментальнае значэнне ў дэмакратычным грамадстве – незалежна ад таго, тычыцца гэта тэрарыста ці забойцы», – зазначыў суд.

Пластыкавы нож забойцы

Падаць у суд на ўрад Андэрсу Бэрынгу Брэйвіку параіў ягоны адвакат. У заяве Брэйвік звярнуў увагу на парушэнні ягоных правоў чалавека: ізаляцыю ад іншых зняволеных, частыя ператрусы з распрананнем і той факт, што яму часта апраналі кайданкі падчас пераходу паміж трыма камерамі, якія яму выдзелілі. Падчас працэсу Брэйвік скардзіўся таксама на якасць турэмнай ежы і тое, што вымушаны есці з пластыкавага посуду.

Прадстаўнік ураду настойваў, што асуджаны, нягледзячы на цяжкасць учыненага ім злачынства, знаходзіцца ўва гуманных умовах.

У судовым рашэнні гаворыцца, аднак, што правы зняволенага парушалі ў двух месцах, дзе тэрарыст сядзеў з 22 ліпеня 2011 года. Суд таксама зазначыў, што ўлады не звярнулі дастатковае увагі на ягонае псіхічнае здароўе пры вызначэнні турэмных умоваў.

Разам з тым суд адхіліў пазоў Брэйвіка пра парушэнне права на павагу асабістага жыцця.

Цяпер дзяржавы мусіць аплаціць судовыя выдаткі Брэйвіка ў памеры 331 тыс. кронаў ($ 41 тыс.).

Брэйвік адбывае максімальна дазволены ў Нарвегіі тэрмін – 21 год, – за забойства васьмі чалавек у цэнтры Осла і 69 – на выспе Утэя, дзе адбываўся злёт моладзевага крыла Працоўнай партыі. Тэрмін зняволення можа быць прадоўжаны, калі тэрарыст будзе прызнаны небяспечным.

Брэйвік адбывае пакаранне ў турме ў Шыен (горад на паўднёвым усходзе Нарвегіі). Ён – адзіны зняволены ў крыле спецыяльнага падраздзялення бяспекі, зарэзерваваных для самых небяспечных злачынцаў.

Што Брэйвік не можа?

Карыстацца інтэрнэтам і свабодна ліставаць, а таксама бачыцца з іншымі зняволенымі.

Што Брэйвік можа?

Свабодна перасоўвацца паміж камерамі – спальняй, кабінетам з бібліятэкай ды пакоям для заняткаў спортам.

У яго ёсць душ, кухня, тэлевізар, кампʼютар з офлайнавай «Вікіпедыяй» ды гульнявая прыстаўка.

Тэрарыст мае магчымасць размаўляць толькі з паліцыянтамі, лекарамі ды святаром.

Гэтыя ўмовы турэмныя ўлады неўзабаве перагледзяць.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары