Відзьмо-невідзьмо. Брэд Піт распавёў пра сваю ролю ў фільме «Хаўруснікі»


Фільм «Хаўруснікі» з удзелам Брэда Піта можа нават без Оскараў стаць неблагім хітом.

Брэду Піту ў снежні споўніцца 53. Урэшце актор зʼявіўся перад натоўпам фэнаў пасля раставання з Анджэлінай Джoўлі.

Марʼён Катыяр цяпер 41. Яна адмаўляецца ад рамантычных стасункаў з Брэдам Пітам, але чуткі не сціхаюць. Справа ў тым, што ў яе ёсць афіцыйны партнёр і дзеці ад таго французскага актора.

Назва фільма «Хаўруснікі». Падзеі адбываюцца падчас Другой сусветнай вайны. Галоўная тэма – шпіёнскія жарсці. Герой Брэда Піта і ягоная жонка Марыяна (у выкананні Катыяр) працуюць у варожым тыле.

«Я мала ведаю пра шпіёнаў, але ствараць такі характар цікава. Са сцэнарыстам «Хаўруснікаў» Стывенам Найтам я сустракаўся яшчэ тады, калі мы здымалі кіно пра зомбі.. Цікава, што сюжэт фільма грунтуецца на фактах жыцця бацькоў сцэнарыста», – адзначае Брэд Піт.

Катыяр падкрэслівае:

«З дзяцінства я марыла здымацца ў кіно, у фільмах розных жанраў, розных культур. Мне пашчасціла, што трапіла ў гламурны, олдскульны галівудскі фільм, да такога рэжысёра, як Зэмэкіс. Мая гераіня кантралюе сітуацыю ў фільме. Гэта моцны характар».

Раптам жонку абвінавачваюць у шпіянажы на карысць фашыстаў. Герой Брэда Піта не ведае, што рабіць.

«Мой улюбёны стыль здымкаў – гэта класіка. Такім чынам здымалі кіно ў 1940-я, 1950-я. Калі ты сядзіш у аўто, а за табой кінапраекцыя. Калі ты сядзіш нібы на дзюне ў Сахары, а гэта – у павільёне. Увогуле, Зэмекіс здымаў гэты фільм у стылістыцы 1940-х гадоў. Праўда, не без сучасных тэхнічных вынаходак», – кажа Брэд Піт.

Што ж, гэта акурат той самы выпадак, калі і сюжэт фільма, і спіс ягоных стваральнікаў абяцаюць захапляльнае відовішча. Нават, калі «Хаўруснікі» не выйграюць шэраг Оскараў, хутчэй за ўсё стужка зробіцца неблагім гітом.

Сяргей Філімонаў, belsat.eu

Стужка навінаў