Бранская паліцыя не пацвярждае факту ўтрымання Джона Сілвэра


Журналісты «Радыё Свабоды» звязаліся з прэс-службай Упраўлення МУС па Бранскай вобласці, дзе заявілі, што нічога не ведаюць пра арышт стваральніка сайта 1863x.com і ніякай інфармацыі аб гэтым не распаўсюджвалі.

Інфармацыю, як насамрэч завуць старальніка 1863x.com, сёння апублікаваў прарасейскі прапагандыстскі сайт «Спутник и погром».

Рэсурс паведамляе, што беларуса-заснавальніка сайта 1863х.com, які хаваўся пад мянушкаю Jhon Silver, затрымалі 23 студзеня ў Бранскай вобласці пры перасячэнні расейска-ўкраінскай мяжы. З таго часу старонка «1863x» не абнаўляецца.

Паводле аўтараў, Джон Сільвер – 25-гадовы ўраджэнец Ліды Эдуард Пальчыс. Чарнасоценцы называюць Пальчыса практыкуючым каталіком і этнічным палякам. Нібыта, хлопец паехаў у Расею ў пошуках працы і быў затрыманы на мяжы.

Цяпер Пальчыс знаходзіцца ў СІЗА-1 па Бранскай вобласці. Артыкул змяшчае фота маладзёна, зробленае, імаверна, расейскімі сілавікамі.

Эдуард Пальчыс сядзіць у расейскай вязніцы ўжо тры месяцы.

Чарнасоценцы падаюць, што Эдуарда або экстрадуюць у Беларусь, дзе супраць яго заведзеная крымінальная справа, або будуць судзіць у Расеі за змест публікацый на ягоным сайце.

Як паведаміла яшчэ на пачатку сакавіка афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, Следчы камітэт распачаў і крымінальную справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) КК Беларусі.

МУС Беларусі абвясціла Джона Сільвера ў вышук за парушэнне падпіскі аб нявыездзе.

Сайт http://1863x.com/ быў створаны ў адказ на праект«Спутник и погром».

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары