«Брама праклёну»: жанчына перавяла махлярам $ 25 тысячаў


У Мазыры жанчына пацярпела ад махляроў з Расеі.

На пачатку сакавіка жыхарка Мазыра глядзела праграму пра экстрасэнсаў, дзе даведалася тэлефон «празорцы» з Расеі. Пасля размовы са «спецыялістам» яна даведалася, што яе сям’і неабходна «адкрыць грашовыя патокі». Для паляпшэння фінансавай сітуацыі ў сямʼі жанчына пагадзілася на правядзенне дыстанцыйнага рытуалу. «Адкрыццё грашовых патокаў» каштавала 390 долараў, якія жанчына і адправіла грашовым пераводам.

Пасля рытуалу жанчыне пачалі тэлефанаваць незнаёмыя людзі, якія выдавалі сябе за прадстаўнікоў расейскай установы па парапсіхалогіі. Яе запэўнівалі, што трэба надалей працягваць магічныя рытуалы, бо ёсць праблема – «незачыненая варонка і брама праклёну». На працягу месяца жанчына пераводзіла розныя сумы махлярам. З цягам часу скончыліся асабістыя зберажэнні, прыйшлося ўзяць крэдыт, пазычыць грошы ў сваякоў, знаёмых, калег па працы. «Празорцы» абяцалі, што ўкладзеныя грошы вернуцца ў падвойным памеры («грашовыя патокі» ж адкрытыя) пасля ўдзелу ў бяспройгрышнай латарэі. Агулам на рахункі махляроў жанчына перавяла 25 тысячаў долараў.

Магчыма, перавяла б і болей, калі б пра гэта не даведалася яе сямʼя, каторая звярнулася да праваахоўнікаў.

Па факце махлярства ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 (махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Для Для пошуку махляроў далучыліся следчыя з Расеі.

ГА, belsat.eu паводле sk.gov.by

Стужка навінаў