Бракуе толькі візіткі Яраша. Следчы камітэт паказаў, што знайшлі ў затрыманага беларуса з Данбасу


У затрыманага на вакзале беларуса знайшлі сцяг «Правага сектару», даведку аб удзеле ў АТА, пісталет, два беларскія пашпарты і вайсковы білет.

Затрыманы раніцай 26 лістапада на чыгуначным вакзале ў Менску грамадзянін Беларусі меў пад верхняй вопраткай бронекамізэльку. Пра паведаміў у эфіры тэлеканалу «СТБ» прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі. У якасці пацвярджэння Следчы камітэт апублікаваў здымкі, на якіх бачныя два беларускіх пашпарты, некалькі банкаўскіх картак, пісталет і даведка аб удзеле ў АТА, бронекамізэлька і вайсковы білет.

«У яго была дарожная торба, апрануты ён быў даволі незвычайна, выдавалі яго асаблівасці паводзінаў. Міліцыянеры вырашылі пацікавіцца, спраўдзіць асобу, падышлі да мужчыны, прадставіліся, папрасілі дакументы. У гэты момант заўважылі, што ў яго пад курткай апранутая бронекамізэлька са сталі», – распавёў Аляксандр Ластоўскі.

Паводле яго, затрыманы хлопец меў таксама выбухоўку і чырвона-чорны сцяг «Правага сектару».

Супраць хлопца распачалі крымінальную справу за незаконнае захоўванне зброі па ч.2 арт.295 Крымінальнага кодэксу.

Не так даўно міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч паведаміў, што праваахоўнікі збіраюць матэрыялы паводле артыкулу «Наёмніцтва» на два дзясяткі асобаў, што бяруць удзел у баявых дзеяннях ва Украіне.

Міністр кажа, што міліцыянтам не важна, на якім баку ваююць беларусы – на баку ўраду Украіны альбо на баку самаабвешчаных ДНР ці ЛНР.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў