Большасць немцаў баяцца расейскай агрэсіі


Але ўдзелу іх краіны ў канфлікце ва Украіне не жадаюць

Дзве траціны немцаў баяцца расейскага ўварвання ва Усходнюю Украіну, вынікае з апытання праведзенага Нямецкім прэс-агенцтвам DPA. Але разам з тым 57% апытаных выступаюць супраць актыўнага ўдзела ў канфлікце Нямеччыны, а 30% падтрымліваюць такую ідэю.

У той жа час міністр замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і міністр абароны Урсуля фон дэр Ляен апошнім часам выступалі на карысць большай прысутнасці ў крызісных зонах. Адразу згадваецца нядаўняя адпраўка зброі іракскім курдам.

У Польшчы таксама баяцца расейскай агрэсіі. Прынамсі 45% палякаў, якія падчас апытання часопіса «Newsweek» прызналіся, што адчуваюць сябе пад пагрозай з-за дзеянняў Расеі ва Усходняй Украіне. Не вельмі ўтульна з гэтай нагоды сябе адчуваюць і многія жыхары прыбалтыйскіх краін.

Тым часам брытанскі ўрад сцвярджае што НАТО падчас саміту 4-5 верасня дасць Расеі зразумець, што члены альянсу не будуць запалоханыя. Раней паведамлялася, што НАТО створыць ва Усходняй Еўропе пяць новых базаў.

Фота: getty images

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў