Больш за ўсё відаў на жыхарства ў Еўразвязе атрымалі ўкраінцы. Беларусы на 7 месцы


Афіцыйнае статыстычнае ведамства Еўразвязу (Еўрастат) паведаміла, што ў 2014 годзе больш за ўсё відаў на жыхарства ў ЕЗ было выдадзена грамадзянам Украіны. На другім і трэцім месцы – амерыканцы і кітайцы.

Увогуле просьбітам з краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ, было выдадзена каля 2,3 млн дазволаў, падае Бі-Бі-Сі.

Украінцы сталі лідарамі сярод тых, хто атрымаў від на жыхарства, – 302,7 тыс. чалавек, на другім месцы – грамадзяне ЗША (199 тыс.), Кітая (169 тыс.) ды Індыі (134 тыс.).

Беларусы ў спісе грамадзянаў, якія перасяліліся ў ЕЗ у 2014 годзе, займаюць сёмае месца – 80,4 тыс., абышоўшы расейцаў, якія на восьмым месцы з 73,8 тыс. дазволаў.

Большасць украінцаў атрымалі віды на жыхарства ў сувязі з працоўнай дзейнасцю. У расейцаў пераважаюць сямейныя матывы, а 68,6 тыс. беларусам дазволы выдалі з «іншых прычынаў» – тут знайшліся пенсіянеры з дастатковымі фінансавымі рэсурсамі, уцекачы з палітычных і гуманітарных прычынаў, дыпламаты і гэтак далей.

Кожны чацвёрты з усіх, хто атрымаў від на жыхарства ў ЕЗ, пасяліўся ў Вялікай Брытаніі (вялікая частка з прыбылых – студэнты). У Польшчу на пастаяннае жыхарства прыехалі 355 тыс. чалавек, у Нямеччыну – 237 тыс., далей па папулярнасці ідуць Італія, Францыя і Іспанія.

Найбольш беларусаў выехала ў Польшчу – больш за 74 тыс., на другім месцы, куды імкнуцца нашыя землякі, – Літва (больш за 1 тыс. чалавек). Украінцы таксама перадусім выбіраюць для пераезду Польшчу, а таксама Чэхію ды Славакію. Для расейцаў прывабная Чэхія, Балгарыя ды Фінляндыя.

Максім Ярашэвіч, паводле bbc.com

Стужка навінаў