«Больш ніякіх гульняў у дэмакратыю не будзе!» Міхэіл Саакашвілі звярнуўся да Пятра Парашэнкі


Міхэіл Саакашвілі запісаў відэазварот у сувязі з пазбаўленнем яго ўкраінскага грамадзянства. Пра падпісанне адпаведнага ўказу Пятром Парашэнкам стала вядома ўчора, 26 ліпеня. Былога губернатара Адэскай вобласці пазбавілі права на ўкраінскі пашпарт на той падставе, што ён даваў пра сябе хлуслівыя звесткі міграцыйным службам. Зараз Міхэіл Саакашвілі знаходзіцца ў ЗША. У відэзвароце ён прамаўляе на ўкраінскай мове.

«Паважаныя сябры! Я адчуваю сябе простым украінцам. Сёння са мной хочуць абысціся так, як пракуроры і бюракраты абыходзяцца з простымі ўкраінцамі – плююць на іх правы. Я жыву ва Украіне ўжо больш за 13 гадоў, я прымаў удзел у трох рэвалюцыях, як звычайны студэнт рэвалюцыі на мяжы і ў двух Майданах. Грамадзянства ў мяне адзінае – украінскае, і ў іх не атрымаецца пазбавіць мяне яго. Зараз мяне хочуць змусіць мяне атрымаць статус бежанца. Гэтага не будзе! Я не збіраюся атрымліваць ніякі статус. Я буду дамагацца законнага права вярнуцца ва Украіну і я вярнуся. Гэта аднасэнсоўны прамы сігнал украінскаму грамадзянству – больш ніякіх гульняў у дэмакратыю не будзе.

Парашэнка ездзіў у Грузію не так даўно. Не наладжваць нейкія там сувязі, а для чарговай дамовы паміж двума алігархічнымі рэжымамі: украінскага рэжыму Парашэнкі і найбуйнейшага акцыянеру Расейскага «Газпрому» грузінскага алігарха з расейскім праектам Іванішвілі, які, на жаль, сёння кантралюе Грузію. Яны прыдумалі і з нейкай прычыны далі Генеральнай пракуратуры Украіны новыя доказы маёй справы. Гэта чарговая хлусня…

… Што ж, Пятро Аляксеевіч, дрэнныя ў вас дарадцы. Гэтым указам вы падпісалі сабе і сваёй уладзе немінучае паражэнне. Прычым калі раней вы яшчэ маглі спадзявацца дацягнуць да выбараў, то цяпер яны вам толькі могуць мроіцца ў сне. Сёння вы, Пятро Аляксеевіч, перайшлі мяжу. Сёння ўся краіна зразумела кошт вашых абяцанак жыць па-новаму. Цяпер, напэўна, у вас, як і вашага папярэдніка зʼявіцца жаданне ўтрымаць уладу любым спосабам. Што ж, можаце паспрабаваць. Толькі памятайце: у Расеі вас не чакаюць, украінцы ўжо двойчы імкнуліся і не спыняцца, пакуль не прывядуць да ўлады сапраўдных новых палітыкаў. Я прыняў украінскае грамадзянства, каб змагацца за рэформы, за паспяховую будучыню Украіны, ад якой залежыць і будучыня маёй роднай Грузіі. Для мяне грамадзянства – не проста гук.  З пашпартам грамадзяніна Украіны кожны дзень я жыў для таго, каб Украіна перамагла і стала сапраўднай еўрапейскай дзяржавай. Маё сэрца належыць Украіне, незалежна ад вашага подпісу. Я большы ўкраінец, чым большасць цяперашніх дэпутатаў. Я люблю Украіну ўсім сэрцам. Я працягну барацьбу тут, не зважаючы ні на што».

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары