Боль – не, стрэс – так. Як кальцуюць лебедзяў?


Арнітолагі пазначылі металёвымі кольцамі паўтара дзясяткі птушак на Нёмне.

Лебядзі-шыпуны ўсю зіму пратрымаліся на Нёмне фактычна ў рысе гораду. Іх амаль у любы час можна сустрэць на пляжы каля старых жыдоўскіх могілак – сюды ж прыходзяць гарадзенцы, каб пакарміць птушак.

Дзень, які выбралі актывісты «Аховы Птушак Бацькаўшчыны» для кальцавання птушыных не выпадковы: акурат на сёння прыпадае 45-годдзе Рамсарскай канвенцыі, якая заклікае да захавання балотных угоддзяў.

Галоўная мэта ж яе захаваць мігруючых вадаплаўных птушак. Наша краіна падпісала канвенцыю некалькі гадоў таму.

«Кальцаванне патрэбнае, каб індывідуальна пазначыць птушак, каб пасля сачыць, што з імі адбываецца: колькі гадоў яны жывуць, дзе яны маюць гнёзды, дзе зімуюць, як туды ляцяць, як назад», – тлумачыць Зміцер Вінчэўскі, рэдактар сайту birdwatch.by.

Арнітолагі пераконваюць, што падчас кальцавання птушкі не адчуваюць болю, хутчэй – моцны стрэс. Тым не менш, працэс вельмі важны як для навукоўцаў, так і для далейшай дапамогі прадстаўнікам віду.

«Зазвычай кальцуюць маладых птушак. З дарослымі троху цяжэй: патрэбныя адмысловыя методыкі. Мы іх стараемся не раскрываць, каб людзі гэта не выкарысталі для неўласцівых мэтаў», – працягвае Зміцер.

«Прачытаць» кальцо пасля можна будзе з дапамогай оптыкі: бінокля або фотаапарата. У выпадку вялікіх птушак, тых жа лебедзяў, кальцо стае бачным нават калі птушка наўпрост плыве, падымаючы лапы. Далейшую інфармацыю можна здабыць праз беларускія цэнтры кальцавання птушак, якія маюць агульную базу са сваймі еўрапейскімі калегамі.

Цікава, што кальцуюць птушак металёвымі кольцамі ўжо больш ста гадоў. Першым такую практыку выкарыстаў настаўнік з Даніі яшчэ ў 1899 годзе. Штогод у свеце кальцуюць недзе каля двух-трох мільёнаў птушак.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў