Бойня ў Вуглягорску і пад Дэбальцава


Баевікі заяўляюць, што акружылі 8 тысячаў украінскіх вайскоўцаў ды ўзялі горад Вуглягорск. Паводле ж кіраўніцтва АТА, пра «дэбальцаўскі кацёл» няма гаворкі, а ў Вуглягорску баевікі кантралююць асобныя раёны.

Другі Ілавайск?

Інфармацыя пра сітуацыю ў Вуглягорску супярэчлівая.  Афіцыйны Кіеў цвердзіць, што штурм практычна адбіты і на месца высланае падмацаванне, тым часам лідары ДНР абвяшчаюць, што захаваюць жыцці тым украінскім вайскоўцам, што складуць зброю.

«Агульная колькасць вайсковаслужбоўцаў і нацгвардзейцаў, замкнутых у «катле», складае каля 8 тысяч асобаў. Кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка прыняў рашэнне захаваць жыцці ўсім украінскім вайскоўцам, што складуць зброю ды спыняць супраціў. Сёння на гэтых умовах лінію фронту перайшлі 11 украінскіх вайскоўцаў. Усе яны ў бяспецы і бліжэйшым часам пакінуць тэрыторыю рэспублікі. Нам бессэнсоўныя ахвяры непатрэбныя», – заявіў 30 студзеня адзін з лідараў баевікоў Эдуард Басурын.

У прэс-цэнтры АТА сцвярджаюць, што баевікі кантралююць толькі асобныя раёны ў Вуглегорску, дзе працягваюцца зацятыя баі. «Ноч у зоне АТА была трывожнаю. У раёне Дэбальцава «Грады» праціўніка ўначы вялі агонь у кірунку гораду», – паведаміў прэс-сакратар АТА Леанід Мацюхін.

Абодва бакі паведамляюць пра вялікі страты праціўнікаў.

Новая зброя для тэрарыстаў

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Сёння зранку з’явілася інфармацыя пра тое, што тэрарысты з «ДНР» атрымаюць новыя падмацаванні з Расеі. Расейска-ўкраінскую мяжу перайшоў чарговы «гуманітарны канвой», з больш як 170 цяжкавікоў, якія перавозяць каля 1,5 тысячаў тон ладунку.

Расейскі бок цвердзіць, што ў цяжкавіках – ежа, лекі і будаўнічыя матэрыялы. Аднак «гумканвой», ужо дванаццаты па ліку, не праходзіць на мяжы аніякага кантролю. Расея выкарыстоўвае гэта, каб перавозіць зброю, амуніцыю ды «добраахвотнікаў» на Данбас.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў