Бог-забойца з «калашнікавым» – на вокладцы адмысловага нумару «Charlie Hebdo»


Новы нумар сатырычнага часопісу, які выйдзе 6 студзеня мільённым накладам, прысвечаны першай гадавіне тэракту ў парыжскім офісе выдання.

Матэрыялы адмысловага выпуску апублікаваў інфармацыйны тэлеканал BFM TV. Аўтары штотыднёвіка пастанавілі змясціць на вокладцы чорна-белы малюнак: барадатага сівога старога з аўтаматам Калашнікава на плячы, усёвідушчым вокам на галаве ды подпісам «Праз год: забойца ўсё яшчэ на свабодзе».

Вядома, неадназначная творчасць рэдакцыі спадабалася не ўсім. У першую чаргу яе раскрытыкавалі рэлігійныя арганізацыі. Замест крытыкі тэрарызму, аўтары жорстка ды абразліва нападаюць на рэлігію, заявіў кіраўнік французскага Нацыянальнага цэнтру барацьбы з ісламафобіяй Абдала Зэкры.

На 32 старонках размесцяцца малюнкі карыкатурыстаў, забітых ісламістамі, а таксама аўтарства цяперашніх працаўнікоў.

7 студзеня 2015 года двое баевікоў «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы» напалі на рэдакцыю «Charlie Hebdo», расстраляўшы з аўтаматаў 12 асобаў. Гэта быў пачатак серыі тэрактаў у Францыі ў перыяд з 7-12 снежня, падчас якіх ахвярамі сталі найменш 17 асобаў: яшчэ пяцёра загінулі ў кашэрным супермаркеце ў Парыжы падчас джыхадысцкай атакі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў