Блышыны кірмаш у Горадні будуць ладзіць рэгулярна


На першы «Кірмаш даўніны» прыехала 100 удзельнікаў з усёй Беларусі. Фота: Аляксандр Бурачок

Калекцыянеры змогуць выстаўляць свае зборы на Савецкай плошчы кожны месяц.

Першы ў Горадні блышыны рынак з калекцыянерскім ухілам прайшоў у Горадні напрыканцы красавіка.

«Гарадскія ўлады прынялі рашэнне дазволіць нам праводзіць штомесяц падобныя кірмашы, – кажа кіраўнік народнага клубу калекцыянераў «Скарабей» і арганізатар «Кірмашу даўніны» Віктар Какарэка ў размове з радыё «Рацыя». – Чарговы кірмаш будзе праходзіць 27–28 траўня на Савецкай плошчы. Запрашаем усіх прыняць удзел».

Арганізатары «Кірмашу даўніны» ў Горадні чакаюць, што падобныя сустрэчы будуць цікавыя не толькі гарадзенцам, але і турыстам, што прыязджаюць у горад без візаў.

На пытанне «Белсату», ці пусцяць праз мяжу з набытымі на кірмашы артэфактамі, спадар Какарэка заявіў, што пра гэта перажываць не варта.

«У часы працы кірмашу ў Гісторыка-археалагічным музеі, што побач, дзяжурыць мастацтвазнаўца, які выпісвае дазвол на вываз старых прадметаў, калі яны не з’яўляюцца вельмі каштоўнымі. Такіх у нас у прынцыпе няма», –  кажа арганізатар.

На першы кірмаш у Горадню сабралася каля 100 калекцыянераў – не толькі з Горадні, але і з Менску, Бабруйску, Гомля і Берасця.

ДД

Глядзі таксама
Каментары