Казахстан змагаецца з патэнцыйным сепаратызмам: блогерка атрымала турэмны тэрмін за заклікі далучыцца да Расеі


За распальванне міжэтнічнай варожасці блогерка Таццяна Валава-Шэўцова атрымала 4 гады пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у 3 гады. Такое рашэнне вынес суд Алматы.

Паводле следства, жанчына, якая з’яўляецца этнічнай расейкай, у сацсетках зневажальна называла казахаў «чуркамі» і заклікала Казахстан далучыцца да Расеі як і Крым, які быў захоплены ў мінулым годзе.

«Будзеце ладзіць тут у Казахстане такі ж (лаянка – заўвага belsat.eu) з нагоды мовы і ўзвялічванне сваёй карэннай нацыі, то з вамі будзе тое ж самае, што і з Крымам – паўночныя, а магчыма і ўсе астатнія часткі пяройдуць Расеі. І не шляхам анексіі, як вы тут крычыце па кутах, а шляхам рэферэндуму, як гэта адбылося ў Крыму», – напісала ў адным з сваіх пастоў у Facebook’у Валава-Шаўцова.

Цяпер блогерка не мае права пакідаць краіну, змяняць месца жыхарства і працу без паведамлення ў спецыяльныя органы.

У паўночных рэгіёнах рэспублікі пражывае шмат этнічных расейцаў. Напрыклад, у Петрапаўлаўску і Кастанаі расейцы складаюць па 63,67% і 46,71% адпаведна ад усіх жыхароў.

Анексія Крыма вызвала занепакоенасць казахскіх уладаў. У сувязі з агрэсіяй Крамля ва Украіне, Нурсултан Назарбаеў вырашыў застрахавацца і зрабіў больш жорсткім закон аб сепаратызме.

Вінаватаму ў «неканстытуцыйнай змене тэрытарыяльнай цэласнасці краіны» пагражае да 7 гадоў зняволення.

Акрамя гэтага ў навучальных установах пачалі адкрываць кафедры па «прапагандзе міжнацыянальнай згоды», якія закліканы «зберагчы студэнтаў ад сепаратызму».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў