Блогера Лапшына ў кайданках даставілі спецрэйсам з Менску ў Баку (адноўлена)


Фота Trand News Agency

Блогера Аляксандра Лапшына экстрадавалі з Беларусі ў Азербайджан. Ён быў дастаўлены ў Баку спецыяльным рэйсам з Менску ўвечары ў аўторак, 7 лютага.

Паводле trend.az, Лапшына суправаджалі супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Азербайджана, узброеныя і ў масках, рукі блогера былі ў кайданках.

Фота Trand News Agency

Лапшына абвінавачваюць ў парушэнні законаў Азербайджану аб дзяржаўнай мяжы і пашпартах у красавіку 2011 і кастрычніку 2012 гадоў. За атыканстытуцыйныя заклікі і незаконны ўезд у Азербайджан Лапшыну цяпер пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Лукашэнка выдаў блогера

Расейска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына затрымалі ў Менску 14 снежня 2016 года на запыт Азербайджана, які абвясціў яго ў міжнародны вышук за незаконнае наведванне Нагорнага Карабаха. Яму таксама інкрымінуюць «публічныя заклікі, скіраваныя супраць дзяржавы».

МЗС Ізраіля звярталася да ўладаў Беларусі з просьбай не экстрадаваць Лапшына. Акрамя таго, Ізраіль па дыпламатычных каналах дамагаўся ад Баку спынення крымінальнага пераследу блогера, паведамлялі ізраільскія СМІ. Расея таксама выступіла супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан – пра гэта заявіў 17 студзеня міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў. Актыўны ўдзел у лёсе затрыманага блогера бралі прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля і Расеі ў Беларусі. Рашэнне Генеральнай пракуратуры Беларусі аб экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан было ўручанае блогеру 18 студзеня.

3 лютага падчас сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю з затрыманнем і магчымай экстрадыцыяй блогера. Спачатку кіраўнік дзяржавы ўдакладніў у міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, ці знаходзіцца блогер яшчэ ў Беларусі, і, атрымаўшы станоўчы адказ, адрэагаваў: «Ну ты ствараеш лішнія праблемы. Ужо даўно яго трэба было пераслаць туды, куды трэба. Я ж вам даручыў: аддайце яго паводле закону».

Лукашэнка заявіў, а Шуневіч пацвердзіў, што Лапшын быў затрыманы ў Менску не з ініцыятывы Азербайджана, а таму, што знаходзіўся ў вышуку па лініі Інтэрполу. «Мы згодна з рашэннем Інтэрполу яго затрымалі. І згодна з усімі законамі і парадкам мы павінны яго перадаць Азербайджану. Вядома, мы яго наагул можам выпусціць, але гэта будзе няправільна. Гэтак жа паставяцца потым і да нас. Таму па ўсіх пагадненнях мы павінны яго перадаць Азербайджану», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ніякіх падставаў не аддаваць Лапшына Азербайджану ў беларускага боку няма. Пры гэтым Лукашэнка сказаў, што даручаў кіраўніку МЗС Уладзіміру Макею «паспрабаваць з міністрамі замежных спраў Ізраіля, Расеі і Азербайджана ўзгадніць, каб гэта прыгожа разысціся, каб лёс гэтага чалавека не стаў, (…) каб ён не стаў нейкім закладнікам». «Ёсць жа гэтыя развязкі, правілы правіламі, але калі Ізраіль, Азербайджан і Расея дамовяцца, мы зробім, як яны дамовяцца. А ніхто не захацеў дамаўляцца», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што «Ізраіль і Азербайджан, Расея тут пастолькі паколькі, ці дамовіліся, ці дамовяцца пра лёс гэтага чалавека». «Калі Ізраіль захоча, у гэтага чалавека з галавы не ўпадзе ніводзін волас», – скончыў Лукашэнка.

Начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун заявіў interfax.by, што ведамства не атрымлівала ад Лапшына хадайніцтва аб прадастаўленні яму дадатковай абароны ў Беларусі.

Belsat.eu паводле trend.az, БелаПАНinterfax.by

Глядзі таксама
Каментары