Блогер Лапшын, якога Беларусь выдала Азербайджану, пакінуў Баку


Блогер Аляксандр Лапшын пакінуў Азербайджан.

Пра гэта раніцай 14 верасня паведаміла інфармацыйнае агенцтва «АПА».

Разам з маці Бэлай Лапшыной блогер вылецеў з міжнароднага аэрапорту Гейдар Аліеў у Ізраіль рэйсам Баку- Тэль-Авів.

11 верасня прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў падпісаў распараджэнне аб памілаванні Аляксандра Лапшына, асуджанага на 3 гады пазбаўлення волі.

Азербайджанскія ўлады абвінавачвалі Лапшына ў парушэнні закона аб дзяржаўнай мяжы. Лапшын трапіў у «чорны спіс» за наведванне Нагорна-карабахскай рэспублікі без узгаднення з уладамі.

Аляксандра Лапшына затрымалі ў Менску ў снежні 2016 году і сёлета ў лютым экстрадавалі ў Азербайджан, за што прэзідэнт Ільхам Аліеў падзякаваў Лукашэнку ў тэлефоннай размове 8 лютага.

Тады азербайджанскі бок заклікаў міжнародную супольнасць не палітызаваць справу Лапшына, які з’яўляецца грамадзянінам Расеі, Ізраілю ды Украіны. Аднак МЗС Расеі і парламент Арменіі выказвалі сваю незадаволенасць экстрадыцыяй блогера.

НМ, belsat.eu, паводле АПА

Глядзі таксама
Каментары