Блогер Ілля Варламаў звярнуў увагу на антыбеларускую хвалю ў расейскіх СМІ


У артыкуле «Беларусь – наступная» фатограф разважае пра тое, што цяпер пачынаецца новы раўнд абвастрэння адносінаў паміж Беларуссю і Расеяй.

«Украіна ўсім надакучыла, Оўбама ўжо не той і ўвогуле сыходзіць на адпачынак, пра Мэркель толькі Жырыноўскі і распавядае анекдоты, геі ўсе зʼехалі, ліберастаў даўно не чуваць… Як тут не засмуткаваць?

Але не адчайвайцеся, усё не так дрэнна! У нас зʼявіўся новы, асабліва небяспечны вораг!» – іранізуе Варламаў.

І прыводзіць у прыклад падборку загалоўкаў з расейскіх газет і сайтаў.

«Іду сёння па набярэжнай у Еўпаторыі, гляджу на свежую прэсу ў газетным кіёску, а там паведамляюць, што беларусы ва ўсім вінаватыя!!! Я ледзь не падавіўся чэрствым крымскім абаранкам», – піша ён.



Блогер спасылаецца на «Белсат», узгадваючы скандал з георгіеўскай стужкай у берасцейскай маршрутцы і праграму расейскага Першага канала «Час пакажа», другая часткая якой была прысвечана Беларусі. Нагодай для абмеркавання стала прэзентацыя кнігі старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава. Ён заявіў, што беларусы як нацыя з’явіліся на 200 гадоў раней за расейцаў.

Варламаў задаецца пытаннем, ці хутка натоўпы закрычаць «Бабруйск наш!», вітаючы «ветлівых людзей»?

«Але не забывайце, што спачатку павінен быць Майдан. Месца добрае ёсць – Плошча Незалежнасці ў цэнтры Менску. А натоўп на ёй хутка збярэ наша прапаганда.

Сёння складана паверыць, што братэрскі беларускі народ заўтра можа стаць галоўным ворагам… Але хто мог 3 гады таму выказаць здагадку, што рускія і ўкраінцы будуць забіваць адзін аднаго?» – піша  ён у блоге.

ДР belsat.eu паводле varlamov.ru

Стужка навінаў