Каля 20 чалавек напалі на аўтамабіль праваабаронцаў з «Камітэту дзеля перадухілення катаванняў», які накіроўваўся з Інгушэціі ў Грозны.
Як паведаміў карэспандэнт «Медиазоны», які знаходзіўся ў машыне, аўтамабіль падпалілі.
Усяго ў машыне было восем чалавек, у тым ліку журналістка «The New Times» Александрына Ялагіна, а таксама карэспандэнты са Швецыі і Нарвегіі.
Усе тыя, хто нападаў, былі ў масках. Яны збілі некалькі чалавек з аўтамабіля палкамі.
Карэспандэнт «Медиазоны» адзначыў, што 8 і 9 сакавіка за машынай «Камітэту дзеля перадухілення катаванняў» сачылі. У сераду за машынай сачыла машына з чачэнскімі нумарамі.
«Камітэт дзеля перадухілення катаванняў» займаецца маніторынгам парушэння правоў у Чачэніі і іншых рэгіёнах. Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў неаднаразова негатыўна выказваўся ў адрас праваабаронцаў. У снежні 2014 года офіс камітэту ў Грозным падпалілі. Новую штаб-кватэру разграмілі ў чэрвені 2015 года.
МЯ, паводле meduza.io