«Бліжэй да вясны можна чакаць адстаўкі Вакульчыка з пасады старшыні КДБ», – Тымчук


Народны дэпутат Украіны, каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзмітры Тымчук распавёў, якія наступствы можа пацягнуць за сабой «шпіёнскі скандал».

Тымчук называе затрыманне Шаройкі «аматарскай аперацыяй» КДБ і прагназуе: суд над Шаройкам будзе закрытым.

«Гэтак будзе не праз характар абвінавачванняў, а таму, што, па аналогіі з працэсамі «Белага легіёну» і «Правага сектара», усе шыта белымі ніткамі», – напісаў Тымчук у Facebook.

Паводле інфармацыі «ІC», першапачаткова Аляксандр Лукашэнка не збіраўся санкцыянаваць затрыманне ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі. Аднак пасля сустрэчы з дырэктарам Службы знешняй выведкі Расеі Нарышкіным, якая адбылася 17 кастрычніка, той атрымаў выразны сігнал аб неабходнасці правядзення такой аперацыі.

«Лукашэнка атрымаў ад расейскага боку непразрысты намёк наконт магчымага пагаршэння эканамічнага супрацоўніцтва з РФ. Досвед паказвае, што падобны намёк заўсёды дзейнічаў на Лукашэнку безадмоўна, што адбылося і гэтым разам», – мяркуе Тымчук.

На думку Тымчука, Лукашэнка і Нарышкін таксама абмяркоўвалі сітуацыю ў беларускіх спецслужбах, у тым ліку пытанне супрацьстаяння кіраўнікоў КДБ і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце (ААЦ), і Нарышкін мог выказаць падтрыманне старшыні КДБ Вакульчыку. Тымчук лічыць, што КДБ Беларусі карыстаецца значным заступніцтвам у Крамлі.

Пуцін вітаецца з Вакульчыкам, фота kremlin.ru

Неўзабаве пасля сустрэчы з Нарышкіным адбыліся кадравыя перастаноўкі, кіраўніцтва ААЦ замянілі і пасаду старшыні гэтай арганізацыі заняў чалавек са службы бяспекі прэзідэнта – Андрэй Паўлючэнка.

«Прызначэнне ў ААЦ Паўлючэнкі – аднаго з самых давераных асобаў Лукашэнкі – дазваляе выказаць здагадку, што »бацька« не такі просты, і не збіраецца быць бязвольнай цацкай у руках расейскіх гаспадароў. Ён не аслабіў, а ўзмацніў гэтую структуру цалкам сваім чалавекам, які з гэтага часу будзе курыраваць усе стратэгічныя пытанні ў РБ. Акрамя таго, не выклікае сумненняў, што з гэтага часу ААЦ і Служба бяспекі прэзыдэнта РБ цяпер будуць гуляць у паўнакроўным тандэме, што ніяк не павінна радаваць Вакульчыка», – працягвае Тымчук.

Каардынатар «ІС» сцвярджае, што Лукашэнка вядзе сваю, незалежную ад Масквы гульню.

«Стратэгічна выдатна разумеючы, што, цалкам развязаўшы рукі свайму КДБ, ён канчаткова ўвязне ў павуцінні Крамля. А гэта паставіць крыж на аўтарытарнай імперыі «бацькі», што яму не імпануе. У сувязі з гэтым бліжэй да вясны, калі ўвага Пуціна будзе адцягнута выбарамі ў Расеі, можна чакаць раптоўнага звальнення Вакульчыка з пасады кіраўніка КДБ», – піша Тымчук.

Ён падкрэслівае, што горшае ў гэтай сітуацыі для украіны – гэта тое, што Менск усцяж трымае за кратамі журналіста Паўла Шаройку.

***

Нагадаем, 25 кастрычніка КДБ затрымаў у Менску ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку і абвінаваціў яго ў шпіянажы і стварэнні агентурнай сеткі з ліку грамадзян Беларусі. Амаль месяц бакі трымалі маўчанне і толькі на адмысловым брыфінгу 20 лістапада КДБ пацвердзіў затрыманне. Акрамя таго, персонай-нонграта быў аб’яўлены першы сакратар амбасады Украіны ў Менску Ігар Скварцоў. У адказ Кіеў выслаў беларускага дыпламата.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

 

Стужка навінаў