Бізнесоўцы патлумачылі, чаму гарбата і кава будуць даражэць


Пасля новаўвядзенняў Мінфіну кава і гарбата падаражэюць.

У траўні Міністэрства фінансаў рэзка павысіла кошт кантрольных знакаў для пастаўшчыкоў кавы і гарбаты, чым выклікала іх рашучую занепакоенасць. Пастаўшчыкі заявілі пра двухразовы рост цэнаў на бюджэтныя маркі напояў. Але гэта разыходзілася з планамі Мінгандлю, якое заяўляла пра недапушчальнасць рэзкага росту цэнаў.

Пастаўшчыкі кавы і гарбаты накіравалі звароты ў дзяржорганы, пасля чаго ўзнік кампрамісны варыянт: з 1 жніўня кошт кантрольных знакаў для маркіроўкі кавы і гарбаты дыферэнцыяваны ў залежнасці ад абʼёму ўпакоўкі.

«Цэны ўсё роўна трэба будзе падымаць. Цана на марку застаецца высокай. Спачатку яе кошт паднялі ў 6 разоў, пасля ў два разы знізілі. У 3 разы рэальна падаражэла марка на 1 жніўня на гарбату ў фасоўцы да 250 грамаў. Мы планавалі падняць цану на прадукцыю на 10 %, а падымаем – на 5 %», – кажа адзін з удзельнікаў рынку, каментуючы пастанову Мінфіну.

Ягоны калега заявіў:

«Мы, як і Мінфін, будзем ужываць дыферэнцыяваны падыход у цэнаўтварэнні. Мы глядзім кропкава, дзе што можам сабе дазволіць. Але агулам цана адназначна ідзе ўверх. Таму што на кошт уплываюць і валацільнасць курсаў, і запыты крамаў, і гэтак далей».

Пры гэтым пастаўшчыкі кавы і гарбаты не раскрываюць, наколькі яны будуць павышаць цэны на прадукцыі, спасылаючыся на камерцыйную таямніцу.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў