Бізнесоўцу Сяргею Штоду далі 15 содняў


Бізнесовец, які абвясціў пра акцыю пратэсту перавозчыкаў ля Дома ўраду, замест сустрэчы з віцэ-міністрам атрымаў арышт.

4 лютага грузаперавозчыкі мусілі сабрацца ў цэнтры сталіцы і запісаць відэазварот да Лукашэнкі. Нагодай стала тое, што сістэма платы за карыстанне дарогамі BelToll была ўведзеная без належнай падрыхтоўкай, як лічаць бізнесоўцы. Праз гэта прыватныя грузаперавозчыкі панеслі страты на дзясяткі тысячаў еўра.

Каб не даводзіць справу да заўтрашняй акцыі, Сяргей Штода пайшоў на сустрэчу з віцэ-міністрам Васілём Мацюшэўскім сёння раніцай, пасля чаго сувязь з ім абарвалася.

Сайт АГП піша, што сустрэча аказалася «пасткай». А 16:00 бізнесовец па тэлефоне распавёў сваёй жонцы, што яму прысудзілі 15 содняў арышту «за нецэнзурную лаянку».

На сустрэчы планавалася абмеркаваць, як выйсці з сітуацыі, калі грузаперавозчыкі аказаліся на мяжы банкруцтва. Улады абяцалі правесці амністыю па штрафах, якія склаліся ў першыя тры месяцы працы сістэмы BellToll у выніку тэхнічных збояў сістэмы і недастатковага інфармавання перавозчыкаў наконт новаўвядзенняў, адзначаецца на сайце АГП. Аднак пасля зменаў эканамічнай сітуацыі, улады забралі сваё абяцанне назад.

Штода валодае невялікай фірмай, якае мае дзве машыны і мусіць заплаціць штраф у 10 тысячаў еўра. Ля Дома ўраду Сяргей Штода разам са сваймі калегамі збіраўся запісаць відэазварот да кіраўніка краіны. На думку прадпрымальнікаў, пасля таго як улады адмовілі прадпрымальнікам у абяцанай амністыі па штрафах, толькі Лукашэнка мог змяніць сітуацыю на карысць перавозчыкаў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў