Бізнес на вайне: як Беларусь гандлюе алкаголем з «ЛДНР». Расследаванне «Белсату». Частка 2


Беларускія заводы вырабляюць піва і гарэлку пад гандлёвымі маркамі кампаніяў з «ДНР» і пастаўляюць іх на Данбас, а непасрэднымі бенефіцыярамі «алкагольнага» бізнесу аказваюцца асобы, якіх афіцыйны Кіеў падазрае ў фінансаванні тэрарызму. Дэталі шэрых бізнес-схемаў – у расследаванні «Белсату».

На пачатку траўня беларускія СМІ абляцела навіна: дзяржаўнае ААТ «Крыніца» разлівае на сваім абсталяванні піва пад гандлёвай маркай «Юзбір», якая належыць данецкай кампаніі «Мастер-торг». На «Крыніцы» не хаваюць тое, што вырабляюць «Юзбір» і што дістрыбютарам гэтага піва з’яўляецца «Мастер-торг», але падкрэсліваюць, што не маюць кантрактаў з ніводнай фірмай, зарэгістраванай на тэрыторыі «ЛДНР».

«Мы не маем наўпроставага кантракту з «Мастер-торгам», але маем кантракт з канадскай кампаніяй, якая прадстаўляе інтарэсы «Мастер-торга», – заявіў «Белсату» начальнік упраўлення маркетынгу і рэкламы Сяргей Рашэтнікаў.

Назву канадскай кампаніі агучыць ён адмовіўся, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

Цень сына Януковіча

Як у гандлёвым ланцужку паміж беларускім заводам і «ДНРаўскай» фірмай з’явілася кампанія з Канады? У першай частцы расследавання «Белсат» пісаў, што беларускія прадпрыемствы не могуць пазначаць у дакументах фірму з неіснуючай дзяржавы, таму патрэбная фірма-пракладка, праз рахункі якой можна расплочвацца за тавары і якую можна пазначаць у дакументах. Праца праз канадскую фірму – вельмі выгадны манеўр, бо фінансавыя аперацыі за межамі Канады не абкладаюцца падаткам.

Складаная схема з канадскай фірмай цалкам адпавядае маштабу «Мастер-торга» – найбуйнейшага імпарцёра прадуктаў харчавання і алкаголю ў «ДНР», які разгарнуў сваю дзейнасць падчас вайны. З 2015 года «Мастер-торг» пачаў пастаўляць у «ЛДНР» прадукцыю з Беларусі, а цяпер займае да 40% рынку на падкантрольных сепаратыстам тэрыторыях. Паводле дадзеных групы «Інфармацыйны супраціў», кіраўніцтва «Мастер-торга» актыўна дапамагае баевікам набываць паліва, амуніцыю і іншыя неабходныя для ўзброеных фармаванняў рэчы.

Скрыншот з сайту “Мастер-торг”

На сайце «Мастер-торга» няма інфармацыі пра заснавальніка кампаніі, але, паводле неафіцыйных звестак, яе кантралюе мільянер Аляксандр Януковіч – сын экс-прэзідэнта Украіны. Гэта пацвердзіў «Белсату» былы палявы камандзір «ДНР» Аляксандр Хадакоўскі.

Цяпер Аляксандр Януковіч жыве ў Расеі: СБУ аб’явіла яго ў вышук у 2014 годзе, а ў 2015-м адну з фірмаў, падкантрольных сыну былога прэзідэнта Украіны («Мако-Трейдынг), украінскія праваахоўнікі абвінавацілі ў фінансаванні тэрарызму.

Паліцы данецкіх і луганскіх супермаркетаў запоўніла не толькі піва «Юзбір», але і прадукцыя пад уласнай гандлёвай маркай «Крыніцы». У Луганску наогул вісіць бігборд з рэкламай беларускага піва.

Але на «Крыніцы» сцвярджаюць: яны не займаюцца наўпроставымі пастаўкамі ў «ЛДНР» і дачыненне да рэкламы ў Луганску не маюць.

«Піва пад брэндам «Крыніца» на паліцах мясцовых супермаркетаў – вынік супрацы з камерцыйнымі арганізацыямі. А дэталі такой супрацы я не маю права разгалошваць», – адзначыў Рашэтнікаў.

Скрыншот з сайту аптовай фірмы з “ЛНР”

Беларускі манапаліст заняўся Данбасам

Канцэрн «Мінск Крыстал Груп» быў створаны ў 2015 годзе па асабістым загадзе Аляксандра Лукашэнкі і цяпер аб’ядноўвае 8 прадпрыемстваў. Дэ-факта – гэта манапаліст на рынку алкаголю ў Беларусі.

Прадукцыю 6 з 8 заводаў канцэрну можна пабачыць у супермаркетах «ЛДНР»: Гомельскі лікёра-гарэлачны завод, Віцебскі ЛГЗ, Клімавічскі ЛГЗ, Гарадзенскі ЛГЗ, Берасцейскі ЛГЗ і Мазырскі спіртагарэлачны завод.

«Мы прадаем сваю гарэлку ўсім, хто бярэ. З’явіліся на гарызонце гэтыя дзве рэспублікі – і мы з імі працуем», – заявіў начальнік сектару знешнеэканамічнай дзейнасці Гарадзенскага ЛВЗ Петр Калеснік.

«Мы працавалі з «ДНР» і «ЛНР», але цяпер часова не займаемся гэтым напрамкам. Там па коштах узніклі пытанні. А партнёрам нашым была кампанія Huge Sky», – паведаміў «Белсату» намеснік дырэктара Мазырскага заводу Аляксандр Македонскі.

(Дарэчы, Huge Sky LTD мае рэгістрацыю ў Ганконгу, паводле аналагічнай схемы з канадскім партнёрам «Крыніцы»).

На Гомельскім «Радаміры» распавядаць пра пастаўкі гарэлкі ў «ЛДНР» адмовіліся праз камерцыйную таямніцу. Не далі ніякіх каментароў «Белсату» і на заводах у Віцебску і Клімавічах.

На берасцейскім заводзе «Белалка», які з’яўляецца найбуйнейшым падаткаплацельшчыкам Берасцейскай вобласці, на просьбу распавесці пра супрацу з «ЛДНР» адрэагавалі агрэсіўна.

Намеснік гендырэктара па лагістыцы і забеспячэнні Уладзімір Рэмізонаў даручыў прэс-сакратару адабраць у нас мабільныя тэлефоны, каб мы не вялі запіс размовы.

«Ня ведаю, можа і ідзе прадукцыя ў «ДНР». А вам навошта гэта ведаць? І хто сказаў, што там тэрарысты ў Данецку? Лепш скончыць інтэрвю, пакуль сітуацыя не дайшла да чагосьці нядобрага», – заявіў Рэмізонаў і выправадзіў нас з кабінету.

Між тым, прадстаўніца данецкага партнёра «Белалка» «Гандлёвы дом плюс» Наталля пацвердзіла «Белсату», што берасцейскі завод наўпрост пастаўляе сваю прадукцыю ў «ДНР». «Гэта эксклюзіўны кантракт», – адзначыла яна.

Кіраўніцтва «Мінск Крыстал Груп» пацвердзіла факт паставак прадукцыі канцэрну ў «ЛДНР».

Эксклюзіў для сепаратыстаў

На прыватным заводзе «Слаўпрадукт» у Шуміліна Віцебскай вобласці вырабляюць гарэлку пад гандлёвай маркай Belsweet па замове аднайменнай данецкай кампаніі ААТ «Белсвіт».

Belsweet – гарэлка прэміум-класу, якую нельга пабачыць на паліцах крамаў у Беларусі. Штомесяц партыі напою адпраўляюцца ў «ДНР». Імпарцёр, пазначаны на этыкетках прадукцыі – ПП «Содействие» з падкантрольнага баевікам гораду Тарэз.

Намеснік дырэктара «Слаўпрадукту» Яўген Салдатаў у тэлефоннай размове пацвердзіў «Белсату» факт паставак гарэлкі ў «ЛДНР»:

«Гандаль ідзе, так. Але не хацелася б гэта каментаваць – невядома, куды палітычная сітуацыя павернецца».

Мы выправіліся ў Шуміліна, каб даведацца падрабязнасці схемы гандлю з «ЛДНР». На прадпрыемстве журналістаў сустрэла галоўны тэхнолаг Валянціна Салдатава.

«Гарэлка прадаецца «на ўра», часам не паспяваем вырабляць столькі нават. Пастаўкі ў Данецк ідуць наўпроставыя, разлік па папярэдняй аплаце. Той бок арандуе грузавыя фуры для перавозкі. А вязуць праз Растоў», – адкрыта распавядае Салдатава.

Яна дадае, што партнёры з «ДНР» самі прыязджалі ў Беларусь на перамовы з кіраўніцтвам заводу.

На сцяне сярод дыпломаў ды ўзнагарод, вісіць дыяграма росту экспарту «Слаўпрадукту». За 2016 год экспарт рэзка павялічыўся: з 38,6 тысяч далаў (1 дал – 10 літраў) да 46,7 тысяч. Такі поспех звязаны з тым, што з мінулага году прадпрыемства пачало вырабляць Belsweet.

Паводле слоў галоўнага тэхнолага, акрамя эксклюзіву, «Слаўпрадукт» прадае ў «ДНР» сваю звычайную прадукцыю, гарэлку «Сяброўка» і «Новая».

«Ніякіх праблем у працы з гэтым рэгіёнам не ўзнікае, нягледзячы на вайну. Адзінае – цяпер імпарцёр, фірма «Содействие» праходзіць перарэгістрацыю, мы чакаем. Але на далейшую супрацу гэта ніяк не паўплывае», – кажа Валянціна Салдатава.

Партнёр пад крымінальнай справай

Прыватнае прадпрыемства «Содействие» у 1999 годзе ў Тарэзе заснаваў Ігар Аўтаномаў, фігура шчыльна звязаная з атачэннем экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. З цягам часу кіраўніцтва бізнес-імперыяй перайшло ў рукі сына Аўтаномава Дзмітрыя, якому сёння, акрамя «Содействия», належаць прадпрыемствы «Донбассуголь» і «Востокуглемет». Пры гэтым усе яны аформленыя на падстаўных асобаў.

На сённяшні дзень украінскія ўлады падазраюць Аўтаномава-малодшага разам з ягонай маці Тацянай у фінансаванні тэрарызму. У вызначэнні суду Кастрычніцкага раёну Марыюпалю ад 11 жніўня 2015 году гаворыцца, што фірмы Дзмітрыя Аўтаномава забяспечваюць да 20% прыбытку ў бюджэт групоўкі «ДНР». Паводле СБУ, структуры Аўтаномава дзейнічаюць накшталт «гаманца» для баевікоў.

Мы накіравалі запыт у Службу бяспекі Украіны і атрымалі адказ. У красавіку 2015 году ў дачыненні да ПП «Содействие» была распачатая адпаведная крымінальная справа.

Адказ СБУ

Кантактаў Дзмітрыя ў адкрытых крыніцах няма, але ў сеціве можна адшукаць тэлефон ягонага бацькі і заснавальніка бізнесу Ігара Аўтаномава. Мы пацікавіліся, ці чуў той пра тое, што «Содействие» імпартуе беларускую гарэлку.

«Я абсалютна не ў курсе камерцыйных пытанняў, бо на дадзены момант не маю дачынення да гэтага прадпрыемства. Ні слова сказаць вам не магу», – адказаў ён і павесіў слухаўку.

Наступным крокам мы выйшлі на фармальнага дырэктара «Содействия», Арама Абазяна. Ён пацвердзіў, што праца з Беларуссю працягваецца і падзяліўся нумарам тэлефону гендырэктара той самай кампаніі-заказчыка гарэлкі – ААТ «Белсвіт» Дзмітрыя Застаўнюка. На наш званок Застаўнюк адрэагаваў нервова:

«Не разумею, пра што гаворка… Мне тут патэлефанавалі са «Слаўпрадукту» і сказалі, адбываецца нешта незразумелае, нейкія журналісты…. Чаго вы хочаце ад мяне? Вы кажаце не тое, што трэба. Да пабачэння».

***

“Крыніца” ў луганскім супермаркеце

У крамы «ЛДНР» трапляе шмат алкаголю з Беларусі. Яшчэ ў 2015 годзе луганская гандлёвая сетка «ЛНРПродторг» хвалілася прамымі пастаўкамі з заводу «Пяць кантынентаў» (уваходзіць у холдынг «ОП НИИ ПКД», які з’яўляецца афіцыйным спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі) і ААТ «Лідскае піва». У прэс-службе «Лідскага піва» нам заявілі, што кантрактаў з фірмамі з «ЛДНР» не маюць, а прадукцыя іх брэнду трапляе ў супермаркеты Данецку і Луганску ў выніку рээкспарту.

На заводах «Берасцейскае піва» і «Полацкія напоі і канцэнтраты» гутарыць на тэму гандлю з сепаратыстамі наогул адмовіліся, хаця іх прадукцыя таксама заўважана на падкантрольных баевікам гарадах.

Сёння можна сцвярджаць: у гандлёвых сетках «ЛДНР» прысутнічаюць прадукты амаль трыццаці беларускіх прадпрыемстваў і гэты спіс не вычарпальны. Аднак не ва ўсіх выпадках гэта вынік наўпроставых паставак з Беларусі на Данбас. Часам гаворка можа ісці пра чысты рээкспарт. Але прыкладна па палове заводаў з гэтага спісу «Белсат» мае пацверджанне наўпроставых паставак з аднаго або адразу з абодвух бакоў.

Працяг будзе.

«Украінскія ўлады закрываюць вочы на гандаль Беларусі з «ЛДНР», – эксперт

Беларускі палітолаг, першы эксперт Аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч:

«Я не думаю, што гандаль паміж беларускімі прадпрыемствамі і «ЛДНР» зʼяўляецца нейкім сакрэтам для афіцыйнага Кіеву. Украінскія ўлады вымушаныя закрываць на гэта вочы, бо не хочуць псаваць з Менскам адносіны, тут вядзецца пра вялікія стаўкі. Да таго ж не сакрэт, што і ўкраінскія кампаніі гандлююць з непрызнанымі тэрыторыямі. Таму гэта такі сабе сакрэт палішынеля. Для беларускіх вытворцаў гэта проста бізнес. Магчыма, нейкай рэакцыі Кіева і варта чакаць, але яна будзе, хутчэй за ўсё, непублічнай, кулуарнай».

Ігар Ільяш, Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў