Бізнес беларускіх аграсядзібаў – пад пагрозаю знішчэння


Уладальнікі аграсядзібаў рыхтуюць калектыўны ліст у Міністэрства спорту і турызму. Яны выступаюць супраць зменаў, паводле якіх ім могуць забараніць праводзіць вяселлі, юбілеі ды прымаць адначасова больш за 20 чалавек.

Амаль палова аграсядзібаў зачыніцца адразу

Такія прапановы ўтрымліваюцца ў праекце прэзідэнцкага ўказу, які перабывае на разглядзе ў Міністэрстве спорту і турызму. Указ нібыта накіраваны супраць тых, хто пад выглядам аграсядзібы развівае рэстаранны і гатэльны бізнес, на справе ж ударыць па ўсёй галіне аграбізнесу.

«Змены, якія ініцыюе нашае Міністэрства спорту і турызму, яны проста знішчаць сельскі турызм. Як мінімум тысяча сядзібаў спыніць сваё існаванне», – упэўненая Валерыя Кліцунова з грамадскага абʼяднання «Адпачынак у вёсцы».

Цяпер у Беларусі працуюць 2363 аграсядзібы. У міністэрстве супакойваюць, што, каб праводзіць карпаратыўныя вечарыны ды юбілеі, уладальнікам неабходна проста перарэгістравацца ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Аднак са зменаю статусу павялічваецца не толькі падатак. Цяпер за аграсядзібу ён складае ўсяго Br 21 на год.

Гаспадароў сядзібаў падманулі

«Ніводная сядзіба не зможа вытрымаць патрабаванняў пажарнай службы і санстанцыі. Бо пачаткова ўся інфраструктура, дамы, кухня, пакой, дзе людзі прымаюць ежу, была створаная з улікам указу № 372, дастаткова было адпавядаць нармальным санітарным умовам прыватнага дому», – патлумачыла спадарыня Валерыя.

Цяпер выходзіць, што гаспадароў сядзібаў падманулі. Дзеяць указ мусіў да 2021 года. Людзі разлічвалі, што ніякіх зменаў уносіцца не будзе, пад спрыяльныя ўмовы бралі крэдыты, прадавалі кватэры і выбудоўвалі бізнес-планы, зыходзячы з закону.

«Падрэзаць людзям крылы, якія і працуюць, і сплочваць адсоткі, гэта проста непрыстойна да сваіх грамадзянаў. Трэба даць магчымасць стаць на ногі, потым можна, так, падвысіць падаткі. Калі гэта ўсё ўсталюецца. А цяпер гэта яшчэ такое дзіця, якое яшчэ няцвёрда стаіць на нагах. І трэба проста пакінуць у спакоі, не трэба чапаць», – мяркуе Алесь Лось, уладальнік аграсядзібы «Хутар Дудара».

Апроч таго, ва ўмовах эканамічнага крызісу ўвесь час зніжаецца колькасць наведнікаў, уладальнікам даводзіцца зніжаць кошты. Свой адбітак робіць і сезоннасць бізнесу. У халодную пару года карпаратывы, юбілеі ды вяселлі бадай адзіная магчымасць прыцягнуць гасцей у аграсядзібы.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў