Бітва за Беларусь яшчэ наперадзе. Першая кніга раману Паўла Севярынца на Таlaka.by


Павел Севярынец збірае сродкі на выданне першай кнігі свайго раману «Беларусалім». Тры часткі раману ён пісаў 12 гадоў, у тым ліку за кратамі ў следчым ізалятары КДБ і на Акрэсціна.

Менск, Кіеў, Полацк. У Беларусі засноўваецца штаб-кватэра карпарацыі «Непагасны свет», мэта якой – даць усяму чалавецтву шчасце. Зорка «Непагаснага свету» Андрэй Белазор, яго каханая Вольга Васілеўская і таямнічы геній Цімур трапляюць у вір падзеяў разам з вышэйшымі службовымі асобамі Беларусі, удзелам міжнароднага капіталу і вернікаў. Калі становіцца зразумела, што і ў Бога, і ў дʼябла грандыёзныя, але розныя планы на Беларусь, краіна пераўтвараецца ў поле эпічнай бітвы.

Аўтар паабяцаў belsat.eu, што ўсё скончыцца добра.

Павел Севярынец працягваў працаваць над раманам і за кратамі, куды трапляў перыядычна за сваю грамадзянскую пазіцыю і дзейнасць.

«У кнізе шмат прататыпаў, дзясяткі. Міліцыянта з Акрэсціна хіба няма, але сярод вернікаў, мэнеджэраў, чыноўнікаў – ёсць», – кажа Павел Севярынец.

Першая кніга раману выйдзе на 450 старонках і называецца «Беларусалім.Золак». Пачынаецца кніга на Траецкім мосце на Нямізе і заканчваецца ў менскай турме «Амерыканка». Першыя 1000 асобнікаў выйдуць у верасні 2017 году. Аўтар плануе праводзіць прэзентацыі ў Менску, у іншых гарадах Беларусі і ў замежжы. Потым выйдзе другая частка «Сэрца святла» і праз нейкі перапынак – трэцяя, «Уваскрашэнне». Падзеі ахінуць усю Еўропу, далёкае замежжа, Расею і вернуцца ў Беларусь. Менавіта адсюль пачнецца хрысціянскае абуджэнне і шлях да агульнага шчасця.

«У Бога заўсёды так: спачатку кепска, а потым усё лепш і лепш, – кажа Павел Севярынец. І нашая эпічная бітва яшчэ наперадзе».

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў