Бітва Пуціна за Берлін


Год 2005. Першая прысяга ў якасці канцлера Нямеччыны. З таго часу Ангела Мэркель паўтарыла гэты рытуал яшчэ двойчы. Ці будзе чацвёрты раз?

«Пэўным ёсць тое, што выбары выйграюць хрысціянскія дэмакраты Ангелы Мэркель. Аднак надалей невядома, як шмат адсоткаў яны атрымаюць», – мяркуе Агнешка Лада, эксперт у нямецкай палітыцы.

Згодна з апытаннем Аленсбахскага інстытуту, кіроўная кааліцыя можа разлічваць больш як на траціну галасоў. На другім і трэцім месцы – сацыял-дэмакраты і правацэнтрысты. Але ўпершыню ў Бундэстаг можа трапіць скрайне правая, папулісцкая і антымігранцкая партыя «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Вядомая прыязным стаўленнем да Уладзіміра Пуціна.

«Дарагія сябры, нам патрэбная Расея ў якасці хрысціянскага аплоту супраць ісламскага захопу земляў. Мы мусім умацоўваць свае пазіцыі», – кажа Аляксандр Гаўлянд з партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны».

Пазіцыі самой партыі актыўна ўмацоўваюцца таксама не без дапамогі Крамля. Ейная лідарка Фраўке Пэтры яшчэ ў лютым наведвала Маскву на запрашэнне Дзяржаўнае Думы. Афіцыйна «Альтэрнатыва для Нямеччыны» адмаўляе атрыманне фінансавай дапамогі ад Расеі. Хоць у выпадку перамогі абяцае не толькі палепшыць расейска-нямецкія дачыненні, але і прызнаць анексію Крыму. А гэта, на меркаванне экспертаў, дае Маскве істотны імпульс да ўмяшання ў нямецкія выбары.

«Мы бачылі імаверны ўплыў на выбары ў Амерыцы, мы бачылі спробы паўплываць на выбары ў Францыі. Усё ўказвае на Расею. Таму мы не можам выключаць падобнай спробы ў Нямеччыне», – адзначае міністр унутраных справаў Нямеччыны Томас дэ Мэз’ер.

У адказ на пагрозу Берлін стварыў адмысловае кібервойска, якое мае абараніць інтэрнэт-прастору і кампʼютарныя сеткі ад вонкавага ўмяшання. Пакуль гаворка пра некалькі сотняў адмыслоўцаў, але ўжо да 2021-га года іхная колькасць мае вырасці да 15-ці тысяч кібержаўнераў.

«Нашыя праціўнікі ведаюць як уплываць на выбары і маюць усе магчымасці. І гэта тычацца ўсіх краінаў свету. Мы бачылі праблемы з вельмі простымі атакамі тыпу крадзяжу інфармацыі і ейнай публікацыі. А гэта раннія этапы. Ва ўсёй кібер-прасторы мы бачым эскалацыю, таму я думаю, што праблема будзе ўзмацняцца», – распавядае Кэвін Бочэк з кампаніі па кібербяспецы «Venafi» (ЗША).

Кібератакі не адзіная зброя ў руках Крамля. Цягам апошніх гадоў значна вырас уплыў расейскае прапаганды.

Аналітыкі вызначаюць 4 галоўныя тэмы з дапамогаю якіх Расея спрабуе дэзынфармаваць нямецкае грамадства:

– крызіс уцекачоў

– меркаванае адраджэнне фашызму

– праблемы са свабодай слова

– а таксама кепскае абыходжанне з дзесьці.

Часам атрымліваецца спалучыць адразу некалькі элементаў. Як у выпадку леташняй гісторыі з расейскамоўнай дзяўчынкай Лізай, якую нібыта выкралі з Берліну мігранты.

Вось што прагучала ў эфіры каналу «Россия 24»:

«Дзяўчынка ў бальніцы, бацькі ў шоку, з прэсай не кантактуюць, а па аповедах сваякоў, выходзіць, што ў тую раніцу на станцыі Мальсдорф, яе падманам завабілі ў машыну, дзе знаходзіліся некалькі мужчынаў арабскай знешнасці, дрэнна гаварылі па-нямецку. З завязанымі вачыма яе павезлі кудысьці непадалёк у кватэру і 30 гадзін гвалтавалі, збівалі, а потым выкінулі».

Гісторыя апынулася фэйкам. На самой справе 13-гадовая расейка збегла з дому з-за праблемаў з бацькамі. Але падлеткавая выдумка і рэакцыя на падзею расейскіх медыяў, моцна абвастрылі двухбаковыя дачыненні.

Ган-Георг Маасэн з Упраўлення ў абарону канстытуцыі Нямеччыны заўважае:

«Летась мы бачылі, як расейцы ўплываюць на грамадскае меркаванне ў Нямеччыне. Як у выпадку ў Лізай, меркавана выкрадзенай у Берліне. У нас складваецца ўражанне, што гэта частка гібрыднай пагрозы, якая ўплывае на грамадскае меркаванне і вырашальныя працэсы».

Абʼектам атакаў зʼяўляецца і сама Ангела Мэркель. Прычым не толькі ў інтэрнэце. На адно са спатканняў з канцлерам Пуцін прыйшоў з лабрадорам. Пазней ён запэўніваў, што не ведаў пра фобію Мэркель, якую калісьці пакусаў сабака.

Агнешка Лада, эксперт у нямецкай палітыцы кажа:

«Ангела Мэркель напэўна вельмі не любіць Уладзіміра Пуціна і яму не давярае. Гэта вельмі халодныя дачыненні. Мэркель лічыць яго асобай, якой нельга верыць, ненадзейным чалавекам».

Ненадзейным, але з вялікім уплывам. І гэты чалавек, калі і не стаіць на шляху да 4-й кадэнцыі Мэркель, то з пэўнасцю стварыў на ім нямала перашкодаў.

Іншыя тэмы «ПраСвету», у якім паказалі гэты сюжэт:

Як Крэмль паказвае Лукашэнку ягонае месца, навошта Саакашвілі Цімашэнцы? Што азначае сцэнар польскіх вучэнняў «Dragon-17»? Чаму аварыі расейскай вайсковай тэхнікі гэта норма а таксама пра змаганне Пуціна за Берлін і чаму Каталуння хоча аддзяліцца ад Іспаніі.

Вольга Жарнасек, belsat.eu, фотаздымак Fabrizio Bensch/Forum

Глядзі таксама
Каментары