«Білі па печані, ставілі ў «ластаўку», тапталіся па спіне». Затрыманы на Дзень Волі падае скаргу на катаванні ў міліцыі


Жыхар Менскага раёну Павел Лях з дапамогай праваабаронцаў рыхтуе скаргу ў МУС на дзеянні капітана міліцыі Віталя Мазнёва, які катаваў яго ў РУУС Першамайскага раёну Менску пасля затрымання на Дзень Волі.

31-гадовы Павел Лях раней ніколі не прымаў удзелу ў акцыях пратэсту. Сам ён пастаяннай працы знайсці ня можа, жыве толькі дзякуючы часовым падпрацоўкамі. За «маршамі недармаедаў» у лютым-сакавіку ён сачыў па інтэрнэце, а на Дзень Волі вырашыў асабіста падтрымаць пратэстоўцаў.

25 сакавіка Павел апынуўся перад кардонам міліцыянтаў са шчытамі, якія перакрылі праспект Незалежнасці. Да Паўла падбеглі 5 амапаўцаў і закінулі ў аўтазак.

«У аўтазаке я нікога не абражаў, я толькі пытаў амапаўцаў: што вы робіце? За што вы б’еце свой народ? Мне сказалі, каб я заткнуўся. Каб мяне супакоіць, адзін з амапаўцаў падышоў да мяне і нанёс некалькі ўдараў. Трапіў па печані – я захрыпеў», – распавядае ён у інтэрв’ю Белсату.

Паўла прывезлі да Першамайскага РУУСе, дзе на вуліцы затрыманыя стаялі на «расцяжцы».

«Мне таксама сказалі стаць тварам да сцяны – ногі шырэй, рукі далонямі ўверх. Але я адмовіўся. Кажу: што вы робіце? Мы ж звычайныя грамадзяне, а не злачынцы!».

Гэтым Павел моцна раззлаваў міліцыянтаў і яны павялі яго ў будынак РУУС у асобны кабінет.

«Там было некалькі міліцыянтаў – яны мяне даглядзелі, знялі рамень і шнуркі. Адзін з міліцыянтаў падышоў, каб таксама абрэзаць шнурок на майцы. Я казаў, каб гэтага не рабілі, бо тады майка проста страціць усялякі знешні выгляд. Але яны ўсё роўна адрэзалі гэты шнурок. Тады я проста ірвануў гэтую майку на сябе – забірайце, кажу. Капітану Мазнёву гэта вельмі не спадабалася. Ён закаваў мяне ў кайданкі, кінуў на падлогу, некалькі разоў ударыў, прыцягнуў мае ногі да кайданкоў і паставіў у позу «ластаўкі». У такім выглядзе ён цягаў мяне па падлозе, таптаўся па спіне. Потым ён пайшоў паліць, пакінуўшы мяне ў позе «ластаўкі». Хвілін праз 15 ён вярнуўся, адшпіліў кайданкі і мне падсунулі пратаколы, каб я іх падпісаў. Я моўчкі падпісаў, бо разумеў, што калі буду абурацца, то мяне зноў кінуць на «ластаўку», – кажа ён.

Павел Лях яшчэ некалькі гадзін прастаяў тварам да сцяны ў будынку РУУС, пасля чаго яго павезлі на Акрэсціна.

Праз два дні, 27 сакавіка, Першамайскі суд арыштаваў Ляха на 11 сутак за парушэнне артыкулаў 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) КаАП Рб. Адным з сведкаў на судзе быў той самы капітан Мазнёў, які здзекаваўся над ім у РУУСе.

Павел Лях мае турэмны досвед – у свой часы яго судзілі за разбой, вымагальніцтва і выкраданне чалавека. Але нават падчас крымінальнага пераследу ён ніколі не сутыкаўся з такім жорсткім стаўленнем да сябе:

«Гэта проста садызм. Па маладосці я быў судзім, але нават калі я быў наказаны за крымінальнае злачынства, мяне ніхто так не прыніжаў, ніхто так не здзекаваўся».

У сваёй скарзе Павел Лях просіць праверыць дзеянні капітана міліцыі Мазнёва і распачаць супраць яго крымінальную справу па арт. 426 КК Рэспублікі Беларусь (перавышэнне службовых паўнамоцтваў).

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў