«Білі галавой аб сцяну, пакуль не званітавала». У Віцебску міліцыянты збілі актывістку ў Чыгуначным РАУСе


Надзея Куканос цяпер недасяжная. У размове з «Белсатам» жанчына распавяла, што яе вязуць у ІЧУ Чыгуначнага раёну на Дзмітрава, 7.

Надзея Куканос – праваабаронца і сакратарка генеральнага савету па стварэнню міжнароднай грамадзянскага аб’яднання «За честную власть».

Жанчына стала сведкай чарговага выпадку міліцэйскага бязмежжа – сняла на відэа, як супрацоўнікі праваахоўных органаў збівалі людзей на вуліцы.

Сёння яна прыйшла даведацца, што з ейнаю заяваю. У міліцыі Надзеі сказалі, што заявы няма.

«Я прыйшла даведацца пра лёс сваёй заявы. Мне сказалі, што яе няма. Тады я ўключыла камеру і паказала дзяжурнаму відэа і аўдыёзапісы. У РАУС мяне не пусцілі, я была ў фае. Сюды выскачылі тры міліцыянты і пачалі забіраць мабільны тэлефон. Я не хацела яго аддаваць. Утрох яны збівалі мяне, забралі два тэлефоны, гаманец з грашыма і вельмі моцна збілі. Білі галавой аб сцяну, выдралі каўтун. Зацягнулі ў фае, дзе відэакамеры, але вядома запісы знікнуць».

Затрыманая за супрацьстаянне міліцыі

Жанчына прызнаецца, што ў яе на целе быў другі дыктафон.

«Яны не ведалі пра гэта, запіс захаваўся. Пазней я выкладу яго ў інтэрнэт. У мяне забралі другі тэлефон пасля таго, як я патэлефанавала аператыўнаму дзяжурнаму УУС Віцебскага аблвыканкаму і распавяла пра сітуацыю. Яны сказалі, што я адміністратыўна затрыманая за супрацьстаянне міліцыі і таму не маю права званіць. Паводле закону, у званках я не абмежаваная, і гэта яны сказалі мне, юрысту».

Актывістцы зрабілася дрэнна, пачало ванітаваць.

«Пацямнела ў вачах, мне адмаўлялі даць ваду. Калі я званітавала ў фае, яны спужаліся і вызвалі хуткую».

Перад тым, як яе забралі ў шпіталь, Надзея Куканос напісала заяву на імя начальніка УСК, дзе апісала, што міліцыянты скралі тэлефон і грошы. Яе адмовіліся рэгістраваць.

«Прыехаў хтосьці з высокіх чыноў УУС, ён адмовіўся прадставіцца, але ягоны голас захаваўся на аўдыёзапісу. Ведаю, што ён палкоўнік. Яны спужаліся і аддалі тэлефон. Усё сцерлі: кантакты і відэазапісы».

На жанчыну склалі пратакол, але копію не далі. Жанчына кажа, што будзе праходзіць незалежнае абследаванне ў медычным цэнтры.

«Падобна, што ў мяне страсенне мозгу. Сінякі на целе. Але доктар у хуткай кажа, што ніхто мяне не біў і няма слядоў, і што я пэўна пʼяная».

Пасля размовы з актывісткай мы патэлефанавалі ў дзяжурную частку Чыгуначнага РАУС. Дзяжурны сказаў, што Надзеі Куканос у іх няма, а пра падрабязнасці трэба запытаць выканальніка абавязкаў начальніка РАУС. Па ягоным нумары ніхто не адказвае.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў