БХД у шосты раз адмовілі ў рэгістрацыі


Мінюст у чарговы раз знайшоў «грубыя парушэнні» у заяўцы «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» на рэгістрацыю.

Яна была пададзеная ў леташнім снежні, паведамляе прэс-служба Міністэрства юстыцыі. Аналіз дакументаў на рэгістрацыю паказаў, што пры стварэнні партыі былі дапушчаныя «грубыя парушэнні заканадаўства».

«У працэсе выбарачнай праверкі шэраг грамадзянаў, указаных у ліку заснавальнікаў партыі, заявілі пра тое, што не маюць да партыі ніякіх адносінаў і не ўдзельнічалі ў яе стварэнні, не ставілі сваіх подпісаў у спісе заснавальнікаў. Асобныя грамадзяне былі ўказаныя неаднаразова, а ў адносінах да шэрагу іншых заснавальнікаў партыі былі ўказаныя неадпаведныя рэчаіснасці дадзеныя», – гаворыцца ў паведамленні на старонцы міністэрства.

У Мінюсце сцвярджаюць, што хацелі атрымаць інфармацыю наконт устаноўчага зʼезду партыі, але не дачакаліся яе. У выніку БХД адмовілі ў рэгістрацыі.

Падчас папярэдніх спробаў зарэгістравацца некаторыя з заснавальнікаў, пералічаных у дакументах, адмаўляліся ад сваіх подпісаў. БХД заяўляла, што адмовы адбываліся пад ціскам мясцовых органаў уладаў.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары