БХД пачала ў інтэрнэце фармаваць ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча кандыдатам


Аргкамітэт стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пачаў праз інтэрнэт ствараць ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты палітзняволенага Мікалая Статкевіча.

Хрысціянскія дэмакраты прапаноўваюць пакідаць свае кантактныя даныя ў петыцыі, спецыяльна створанай на інтэрнэт-платформе па зборы подпісаў change.org. Асобы, якія падпісаліся пад гэтым электронным дакументам, будуць уключаныя ў ініцыятыўную групу Статкевіча. Адначасова гэтая ж петыцыя заклікае беларускія ўлады вызваліць палітычных зняволеных, сярод якіх акрамя Статкевіча згадваюцца Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Арцём Пракапенка і Юрый Рубцоў, падае БелаПАН.

«Без вызвалення і поўнага аднаўлення ў правах усіх палітычных зняволеных ніякія выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі», – адзначылі ў прэс-службе БХД.

У канцы траўня пра пачатак стварэння ініцыятыўнай групы па вылучэнні Мікалая Статкевіча, які адбывае тэрмін зняволення ў магілёўскай турме № 4, паведаміў адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргей Скрабец.

Тым часам у Цэнтрвыбаркаме заяўляюць пра немагчымасць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча. «Магу сказаць адназначна, што яна зарэгістраваная не будзе, бо Статкевіч не можа стаць кандыдатам у прэзідэнты, – заяўляў раней сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. – Рэгістраваць толькі для таго, каб ажыццявіць акт, які не мае юрыдычнай сілы, Цэнтральная камісія не можа».

Лазавік тады ж адзначаў, што пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў першую чаргу разглядаецца, каго яна будзе вылучаць, ці можа гэты чалавек быць кандыдатам. «У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Мікалай Статкевіч не можа быць кандыдатам у прэзідэнты, бо ў яго непагашаная судзімасць», – растлумачыў сакратар ЦВК.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў траўні 2011 года на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Міжнародныя арганізацыі прызналі яго палітычным зняволеным. Статкевіча двойчы пераводзілі са шклоўскай калоніі ў магілёўскую турму: першы раз – у пачатку 2012 года, другі – сёлета ў траўні. Абодва разы ў якасці прычыны ўзмацнення жорсткасці рэжыму называлася парушэнне Статкевічам рэжыму калоніі. Паводле рашэння апошняга суда ў турме палітык будзе знаходзіцца да завяршэння тэрміну пакарання, які мінае ў снежні 2016 года.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, ЕЗ ды ЗША неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі вызваліць Мікалая Статкевіча.

Паводле Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары