Без валідолу, але са жгутом Эсмарха. Ад сёння кіроўцы павінныя мець новыя аптэчкі


Новыя патрабаванні да аўтамабільных аптэчак Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла з мэтай «павысіць якасць першай дапамогі пры траўмах».

З аптэчкі першай дапамогі зніклі валідол, гліцэрыл трынітрат, ацэтылсаліцылавая кіслата, дратаверын, ларатадын, метамізол, парацэтамол, сульфацетамід і цытрамон – перадусім праз тое, што ў аўтамабілі немагчыма забяспечыць захоўванне гэтых лекаў у належных умовах, перадусім тэмпературных.

У новай аптэчцы павялічаная колькасць перавязачнага матэрыялу, усталяваны памер стэрыльных сурвэтак і нажніц. У аўтамабільную аптэчку павінен уваходзіць кроваспыняльны жгут Эсмарха – адно з самых надзейных і простых прыстасаванняў для часовага прыпынення крывацёку.

Аптэчку новага ўзору неабавязкова набываць: яе можна скласці самастойна. Поўны пералік неабходнага камплекту можна знайсці ў пастанове Міністэрства аховы здароўя ад 4 снежня 2014 года.

  • Наяўнасць аптэчкі у аўтамабілі (гэтаксама, як і наяўнасць вогнетушыцеля) спраўджваецца падчас прахаджэння тэхнічнага агляду аўта. Аднак гэты кантроль можа ўчыніць і звычайны даішнік.
  • Паводле беларускага заканадаўства, за адсутнасць аптэчкі можна атрымаць папярэджанне або нават штраф – да двух базавых велічыняў (то бок, Br 46).
Стужка навінаў