«Без вайны разруха». Экскурсія па вёсцы Завалочыцы, дзе некалі віравала жыццё


Занядбаныя хаты, забітыя дошкамі вокны, кінуты спіртзавод XIX стагоддзя.

Яшчэ дзесяць гадоў таму вёска Завалочыцы ў Магілёўскай вобласці была больш чым заможнай – працавала пякарня, грамадская лазня, цырульня ды сталовая. Адзін з мясцовых жыхароў Мікалай пагадзіўся зладзіць для нашай здымачнай групы невялікую экскурсію.

Гэтыя землі ля ракі Пціч ад канца XIX стагоддзя належалі вядомаму геадэзісту ды вайсковаму інжынеру Язэпу Жылінскаму, які прыехаў сюды з Віленскай губерні для ўдзелу ў экспедыцыі па асушэнні балот. У Завалочыцах ён таксама праводзіў меліяратыўныя працы, хацеў пераўтварыць свае ўладанні ва ўрадлівы край.

Фактычна ён і запачаткаваў тут вёску. Пабудаваў у 1888 годзе вінакурню, палац, насадзіў парк. Паводле баек, у пачатку мінулага стагоддзя Язэп Жылінскі прайграў у карты свой маёнтак у Завалочыцах іншаму памешчыку, але нейкім містычным чынам пасля вярнуў яго сабе.

Цяпер, па словах мясцовых, памірае больш людзей, чымся нараджаецца, працы няма, парэшткі гістарычных будынкаў, якія яшчэ не да канца расцягнулі на цэглу, развальваюцца ды пераўтвараюцца ў стыхійныя сметнікі.

«Тут можна толькі выжываць, жыць – немагчыма», – кажуць людзі.

ВМ, belsat.eu

Стужка навінаў