Без рэформаў увосень у прадпрыемстваў не будзе грошай выплочваць заробкі

video

Айчынная прамысловасць усцяж скарачаецца. Хоць, як цвердзіць афіцыйная статыстыка, не так хутка, як хаця бы на пачатку года. А некаторыя галіны прамысловасці нават пайшлі ў рост. Што гэта, эканамічны рывок ці часовая палёгка?

Чацвёрты год запар падае прамысловая вытворчасць. З 2012-га ў доларавым выражэнні яна скарацілася больш як удвая.

Па выніках першага паўгоддзя выпуск заводскай прадукцыі ўпаў на паўтара адсотка ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

«Ніякіх захадаў, каб гэтую сітуацыю змяніць дзяржава ня робіць. Інвестыцыяў няма. Пазыкаў замежных таксама няма. Таму гэтая тэндэнцыя яна будзе працягвацца».

Што праўда, цяпер афіцыйная статыстыка паказвае запавольванне падзення. У студзені прамысловасць адставала ад папярэдняга года амаль на 7 %, а цяпер вытворцы трактароў, цяжкавікоў, лекаў ды шэраг іншых вырабляюць нават больш, чым летась. Хаця металургі, вытворцы хімічных вырабаў ды апонаў цягнуць агульны паказнік уніз.

УЛАДЗІМІР СЯМАШКА, ПЕРШЫ ВІЦЭ-ПРЭМʼЕР РБ:

«Мы не дацягваем пакуль да 100%, але ад месяца да месяца прамысловасць дадае па паўтара адсотка. Таму ёсць надзея, што на заданне гэтага году мы выйдзем, а значыць – выйдзем з рэцэсіі».

Заданне было – перавысіць аб’ём вытворчасці мінулага года. Але незалежныя адмыслоўцы аптымізму ўрадоўцаў не падзяляюць.

ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ, СТАРШЫНЯ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ РЭП:

«Гэта – зачараванае кола такое – сёння кожны кожнаму вінен, а ў выніку грошай няма ні ў кога».

Па-першае, заводы запрацавалі дзякуючы таму, што ўлады далі ім істотнае паслабленне ў справе выплатаў банкам ды энергетыкам. Атрымалася, што замест таго, каб вяртаць крэдыты і плаціць за газ, прадпрыемствы закупілі дэталі ды запусцілі канвееры.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ:

«Падтрыманне прамысловасці з боку энергетыкаў і банкаў доўга працягвацца ня можа, бо яны самі ў не вельмі такім добрым стане. Ужо адзначалася, што ў банках расце доля праблемных крэдытаў і хутка яна дасягне крытычнай масы».

Па-другое, улады змянілі палітыку экспарту, дазволіўшы нерэнтабельным заводам прадаваць свае тавары ніжэй сабекошту. Афіцыйны ўказ з гэткім дазволам быў выдадзены ў дачыненні дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Але, мяркуючы з фінансаў іншых заводаў, гэтая стратэгія ўжываецца цяпер у розных галінах дзяржаўнай прамысловасці.

ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ, СТАРШЫНЯ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ РЭП:

«Калі не будзе зроблена рэформаў, то па восені……не будзе грошай у прадпрыемстваў разлічыцца з падаткамі, разлічыцца з заробкамі».

Колькасць нерэнтабельных прадпрыемстваў павялічылася сёлета амаль на чвэрць. Між тым доля нявернутых пазык у партфелях банкаў з пачатку года павялічылася ўдвая – да небяспечных, паводле Нацбанку, дванаццаці з паловай адсоткаў. Ужо лічбу 10 % ведамства называла крытычным парогам, які патэнцыйна можа паставіць пад пагрозу здольнасць банкаў абслугоўваць сваіх укладчыкаў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары