Без Давыдзькі, Якубовіча і Казіяткі: Лукашэнка замяніў кіраўнікоў дзяржаўных СМІ


Сёння, 6 лютага, Аляксандр Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў дзяржаўных медыяў. На замену старым функцыянерам Давыдзьку і Якубовічу прыйшлі маладыя.

Як паведамляе БелТА, Белтэлерадыёкампанію цяпер узначаліць 41-гадовы Іван Эйсмант, муж прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Апошнія гады ён быў намеснікам старшыні БТ Генадзя Давыдзькі. Па адукацыі – юрыст, на дзяржаўным тэлебачанні ў розныя часы вёў праграмы «Зона Х», «Панарама», «Галоўны эфір» і іншых. На БТ таксама працуе яго сястра Ганна Эймант, яна – спартовы аглядальнік.

«Белтэлерадыёкампанія – найбуйнейшая інфармацыйная структура ў нашай краіне, і за апошнія гады было зроблена вельмі шмат. Але таксама: няма сумневу ў тым, што трэба развівацца далей, і задача кіраўніком дзяржавы пастаўлены зрабіць наша тэлебачанне сучасным як па малюнку, так і па змесце, зрабіць яго праглядальным, канкурэнтаздольным у параўнанні з тэлеканаламі суседніх краін», – сказаў Эйсмант.

Былы старшыня БТ Генадзь Давыдзька запомніўся як дыктар у прапагандысцкім фільме «Плошча. Жалезам па шкле», прысвечаным падзеям у Менску 19 снежня 2010 года. На хвалі вясновых пратэстаў 2017 года па БТ зноў прайшлі прапагандысцкія фільмы «Званок сябру», «Белы легіён чорных душ», дзе выкарыстоўваліся, у тым ліку запісы прыватных тэлефонных размоваў апазіцыйных палітыкаў. Ад Давыдзькі можна было пачуць рэзкія выпады на адрас незалежных СМІ, сюжэт «Белсату» пра патаемную рэзідэнцыю Лукашэнкі ён назваў «фэйкам».

«У «Белсата» канкрэтная мэта – працаваць на развал беларускай дзяржаўнасці, знявагі, фэйк і хлусня», – заявіў Давыдзька ў выпуску праграмы «Клуб рэдактароў» 1 снежня мінулага году.

Газету Адміністрацыі прэзідэнта «СБ. Беларусь сегодня» узначаліў Дзмітры Жук. Філолаг паводле першай адукацыі, ён скончыў Акадэмію кіравання і пасля непрацяглага досведу працы настаўнікам заняў пасаду ў інфацэнтры Нацбанку, затым стаў намеснікам гендырэктара «Інтэрфакс-Захад». У 1999-2003 гадах узначальваў прэс-службу Лукашэнкі, а з 2003-га – дзяржаўнае інфармагенства БелТА.

Былы галоўны рэдактар «СБ» Павал Якубовіч займаў гэтую пасаду 22 гады. Пры ім газета цалкам падтрымлівала палітыку Лукашэнкі, не хавала супрацы з сілавікамі. Летась у лістападзе Якубовіч ачоліў грамадскую раду пры МУС.

У выданні існуе «аддзел расследаванняў», вясной 2017 года ён адзначыўся адыёзным артыкулам «Имя им – легион», у якім ананімны аўтар прыводзіць паказанні затрыманых па справе «Белага легіёна». Як вядома, ужо 30 лістапада справа была закрытая, але сваіх выбачэнняў невінаватым людзям выданне не прынесла. Што тычыцца выказванняў на адрас нашага тэлеканалу», то Якубовіч называў яго «непатрэбным», «фікцыяй».

Гендырэктарам СТВ стаў 45-гадовы Ігар Луцкі. Пасля БДУ і Акадэміі кіравання ён займаў пасады ў Міністэрстве дзяржаўнай маёмасці, канцылярыі прэзідэнта, БЕЛТА. З 2014 года быў першым намеснікам міністра інфармацыі. На пасадзе гендырэктара СТВ ён замяніў Юрыя Казіятку, дзе цяпер працуе апошні – пакуль не паведамляецца. Таксама невядома, хто будзе кіраваць БЕЛТА.

Лукашэнка адзначыў, што папярэднія кіраўнікі дзяржаўных СМІ «гэта людзі вельмі годныя», «іх нельга згубіць». Паводле Лукашэнкі, і Давыдзька, і Якубовіч «мусяць у СМІ працаваць і супрацоўнічаць з намі», а Давыдзьку «трэба падвышаць статус». Лукашэнка сказаў, што «збіраецца разглядзець пытанне» аб накіраванні Давыдзькі і Якубовіча ў Савет Рэспублікі.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў