Бесцялесны жах. Кароткая гісторыя хімічнай зброі і палёту 59-ці «Тамагаўкаў»


Хімічная зброя вызначаецца як «зброя масавага знішчэння, дзеянне якога заснаванае на таксічных уласцівасцях атрутных рэчываў», а таксама сродкі дастаўкі і выкарыстання гэтых рэчываў.

У прынцыпе яно выкарыстоўвалася яшчэ ў старажытнасці, і самай простай зброяй падобнага тыпу быў звычайны дым – забіць ці проста выгнаць з пячоры ці будынку ворага можна было проста распаліўшы вогнішча каля ўваходу. Гэткія спосабы барацьбы з праціўнікам у тунэлях, падчас падкопаў пад варожыя ўмацаванні ў прынцыпе ўжываюцца дагэтуль.

Так прайшлі тысячы год, і толькі другая палова 19 стагоддзя, эпоха незвычайнага тэхналагічнага прагрэсу, адкрыла магчымасці для фантазіі людзей ва ўсіх сферах, у тым ліку і ваеннай. Імклівае развіццё хіміі ды ўсіх іншых навук, хімічнай прамысловасці прывяло да стварэння новай стралковай зброі, новых тыпаў пораху і выбухоўкі – а разам з імі зʼявіліся і таксічныя газы, якія вызваляліся пры выбуху.

Інжынеры, вучоныя, афіцэры і генералы не маглі не заўважаць, што цяпер пры выбуху звычайных снарадаў атручаных жаўнераў можа быць ня менш, чым проста параненых ударнай хваляй і аскепкамі. Гэтак зʼявілася сама ідэя стварэння спецыяльнай зброі, якая павінна менавіта атручваць ворага. Публіцысты і пісьменнікі ўжо пісалі фантастычныя раманы і аповесці пра будучыя войны ў парах смяротна нябачных газаў.

«Марсіяне пускаюць вялізарныя клубы чорнага атрутнага пара пры дапамозе ракет. Яны падавілі агонь нашай артылерыі, разбурылі Рычманд, Кінгстан і Ўімблдан, паступова рухаюцца да Лондану, знішчаючы ўсе на сваім шляхту. Спыніць іх немагчыма. Ад чорнага дыму няма іншага ратунку, акрамя неадкладных уцёкаў», – пісаў Герберт Уэлс у знакамітай «Вайне сусветаў» у 1897 годзе. Ілюстрацыя.

У выніку яшчэ ў 1899 годзе ў Гаазе была заключаная Канвенцыя, 23 артыкул якой забараняе выкарыстанне боепрыпасаў, адзіным прызначэннем якіх зʼяўляецца атручванне жывой сілы праціўніка.

Аднак з пачаткам у 1914 годзе Першай сусветнай вайны ўзаемная нянавісць і ўсё большы цынізм, памножаныя на веру ва ўсёмагутнасць тэхнічнага працэсу, прывялі да паступовай адмовы ад этычных і прававых абмежаванняў. Хоць хімічныя рэчывы (звычайна ў выглядзе розных слезацечных газаў) выкарыстоўваліся на франтах з 1914 году, першай баявой хімічнай атакай, скіраванай менавіта на знішчэнне праціўніка стала нямецкая атака пад Іпрам.

Хімічная газабалонная атака. Фота з самалёта

22 красавіка 1915 года некалькі тысяч балонаў з хлорам былі адчыненыя і атрутныя воблакі са спадарожным ветрам паплылі да варожых акопаў. Каля 5.000 брытанскіх і французскіх жаўнераў патрапілі пад уздзеянне нечаканай зброі, ад 1.000 да 2.000 з іх загінулі ці назаўсёды сталі інвалідамі.

З гэтага часу ўсе бакі канфлікту пачалі актыўнае развіццё, назапашванне і выкарыстанне хімічных узбраенняў – і балонаў, і снарадаў, і ручных гранат, і авіяцыйных бомбаў, і ўсё больш новых і небяспечных атрутных рэчываў. Аднак выйсці з пазіцыйнага тупіка ніхто не здолеў, бо гэтак жа хутка развіваліся сродкі абароны ад хімічнага атручвання, перш за ўсё, зʼявіліся процівагазы, супрацьхімічныя накідкі. Такім чынам, чым далей, тым болей, дысцыплінаваныя еўрапейскія войскі, якія мелі добры рыштунак, пры хуткім развіцці хімічнай зброі неслі адносна невялікія страты ад яе.

Французскія жаўнеры ў процівагазах перад атакай

У 1920-я і 1930-я гады ўсе краіны рыхтаваліся да наступнай вайны, якая ўяўлялася генералам як вайна татальная і хімічная. Лічылася, што вораг будзе атакаваць хімічнай зброяй мірныя гарады, таму рыхтаваліся мільённыя запасы процівагазаў для мірнага насельніцтва, праводзіліся трэніроўкі для дзяцей і дарослых.

Адначасова хімію выкарыстоўвалі ў лакальных канфліктах той эпохі – у войнах на тэрыторыі былой Расейскай імперыі, вайне ў Марока, у Эфіопіі, у Кітаі. СССР выкарыстаў хімічную зброю падчас памежнага канфлікту з Японіяй каля возера Хасан у 1938 годзе.

Станцыя для тэставання процівагазаў, Вялікая Брытанія, 1932 год

Аднак чым далей, тым болей вайскоўцы прыходзілі да высновы, што супраць падрыхтаванага праціўніка хімічная зброя не вельмі эфектыўная, да таго ж не надта бяспечная для сваіх войск, таму прасцей выкарыстоўваць звычайныя боепрыпасы, у тым ліку запальныя і дымавая. Самы маштабны канфлікт чалавечай гісторыі – Другая сусветная вайна – прайшоў амаль без выкарыстання атрутных газаў і рэчываў у баявой сітуацыі. Любая хімічная пагроза хутка ліквідавалася абарончымі контрмерамі, а таксама аналагічнай пагрозай такіх жа атак з боку праціўніка.

У той жа час хімічная зброя застаецца зброяй псіхалагічнай, сродкам тэрарызавання. Яе захоўвалі на выпадак вайны, але са значным поспехам выкарыстоўвалі хіба што супраць уласнага мірнага насельніцтва. Гэтак, адзін з найбольш вядомых прыкладаў пасляваенных хімічных атак – карныя аперацыі іракскага дыктатара Садама Хусейна супраць курдаў.

16-17 сакавіка 1988 года іракская авіяцыя атакавала горад Халабджа з выкарыстаннем іпрыту, зарыну, табуну і газу VX. Апошнія тры – распрацаваныя ў 1930-я і 1950-я нервова-паралітычныя баявыя атрутныя рэчывы. Па некаторых дадзеных загінула як мінімум 5.000 чалавек, і ў 2010 годзе Вышэйшы крымінальны суд Іраку назваў гэтую атаку генацыдам.

За што паляцелі «тамагаўкі»

Да верасня 2013 года Сірыя была адной з сямі краінаў, якія не падпісалі Канвенцыю па забароне хімічнай зброі – яе прадстаўнікі заяўлялі, што гэта іхны сродак стрымлівання Ізраіля, які, па меркаванні Сірыі, мае ці распрацоўвае ядравую зброю.

Грамадзянская вайна ў Сірыі пачалася ў 2011 годзе і хутка прывяла да расколу краіны на зоны пад кантролем разнастайных узброеных палітычных груповак, якія часта фармаваліся паводле рэлігійнага ці этнічнага прынцыпу. Некаторыя гарады, дзе большасць насельніцтва складалі этна-рэлігійныя супольнасці, варожыя афіцыйным уладам, пачалі разглядацца прыхільнікамі дыктатара Башара Асада як законныя цэлі для тэрору і запалохвання.

Гарадскі бой у Сірыі

Паведамленні пры выкарыстанне войскамі Асада хімічнай зброі зʼявіліся яшчэ напачатку грамадзянскага канфлікту, што стала прычынай заявы тагачаснага прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы 20 жніўня 2012 года: «Мы вельмі ясна сказалі рэжыму Асада і іншым, што чырвоная рыса праходзіць там, дзе мы ўбачым рух ці выкарыстанне хімічнай зброі».

Аднак «чырвоная рыса» Оўбамы не спрацавала, зрабіўшы яго цэллю для крытыкі ўнутры ЗША. 21 жніўня 2013 года шчыльна заселены раён Гута пад Дамаскам, які знаходзіўся пад кантролем ворагаў Асада, стаў ахвярай ракетных атак з выкарыстаннем газа зарын. Французская выведка ацаніла мінімальную колькасць ахвяраў у 281 чалавека, брытанская – у 350, арганізацыя «Лекары без межаў» – у 355 чалавек. Прыкладна 3.600 чалавек мелі сімптомы нервова-паралітычнага паражэння.

«Звесткі адносна прыроды, якасці і колькасці атрутных рэчываў, якія былі выкарыстаныя 21 жніўня, паказваюць, што тыя, хто атакаваў, мелі доступ да запасаў хімічнай зброі сірыйскай арміі, а таксама досвед і рыштунак для выкарыстання вялікай колькасці хімічных рэчываў», – гаворыцца ў дакладзе Рады ААН па правах чалавека пра гэтыя падзеі.

Ахвяры грамадзянскай вайны ў Сірыі.
Фота: Gürcan Öztürk / AFP/ Getty Images)

Расея і ўрад Башара Асада заявіў, што бамбаванне было справай нейкага іншага боку, які хоча ілжыва абвінаваціць афіцыйныя ўлады. Затым адбыліся атакі ў гарадах Джабар, Ашрафіят Саная. Сенат ЗША прыняў рэзалюцыю, якая дазваляе тагачаснаму прэзідэнту Бараку Оўбаме пачаць увод амерыканскіх войск у Сірыю.

Менавіта пасля гэтай падзеі Дамаск падпісаў Канвенцыю па забароне хімічнай зброі і пагадзіўся здаць наяўныя хімічныя ўзбраенні. Летам наступнага году сірыйскія афіцыйныя ўлады заявілі, што аддалі ўсю хімічную зброю.

Аднак, інцыдэнты з выкарыстаннем хімічнай зброі ў Сірыі працягваліся – гэтак закрыты даклад ААН у жніўні 2016 года адкрыта паведамляў, што сілы Асада выкарыстоўвалі хімічную зброю ў красавіку 2014 года падчас бамбавання гораду Талменес і ў сакавіку 2015 года падчас бамбавання гораду Сармін.

4 красавіка 2017 года адбылася хімічная атака на горад Хан-Шейхун, у выніку якой загінулі як мінімум 74 чалавекі. Дадзеныя амерыканскай выведкі засведчылі, згодна словаў прадстаўніка ЗША ў ААН Нікі Хэйлі, што атаку правяла сірыйская авіяцыя пад камандаваннем Башара Асада.

Запускі ракет Tomahawk гэтай ноччу. Відэа US Naval Institute

Праз тры дні дзясяткі крылатых ракет Tomahawk з амерыканскіх баявых караблёў адправіліся да сірыйскай авіябазы Шайрат. Відавочна, новы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп вырашыў паказаць, што для яго рэпутацыя краіны не пусты гук, а таксама тое, што там, дзе ЗША праводзяць «чырвоную рысу», гэтую рысу перакрочваць небяспечна.

АГ, belsat.eu

Стужка навінаў