Беспілотнікі, ракетная артылерыя і ўсе-ўсе-ўсе. Над чым беларуская «ваенка» будзе працаваць у 2017 годзе?


У Беларусі рэалізацыяй дзяржаўнай палітыкі ў сферы распрацоўкі і вытворчасці вайсковай тэхнікі займаецца спецыялізаваная структура – Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Рэспублікі Беларусь. Ці скарочана – Джяржкамваенпрам. Напрыканцы студзеня пад кіраўніцтвам старшыні ведамства Сяргея Гурулёва адбылося паседжанне, на якім былі падведзеныя вынікі 2016 года і пастаўленыя задачы на 2017 год.

Галоўным поспехам беларускага ваенна-прамысловага комплексу ў мінулым годзе канечне было названае прыняццё на ўзбраенне і пастаўка ва Узброеныя Сілы ракетнай сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Паланэз». Цяпер у нашай арміі зʼявілася доўгая рука, якая можа нанасіць магутныя ўдары па ворагу на адлегласці 200 км.

«Паланэз». Фота mil.by.

Вызначальную ролю ў распрацоўцы сістэмы адыгралі навукоўцы і інжынеры менскага Заводу дакладнай электрамеханікі.

У 2017 годзе ЗДЭМ будзе працягваць распрацоўку РСЗА з дальнасцю стральбы да 300 км, прычым плануецца 85 адсоткаў усіх камплектуючых вырабляць у Беларусі.

Сярод іншых сродкаў агнявога паражэння праціўніка ў Беларусі распрацоўваюцца супрацьтанкавы ракетны комплекс і гранатамёт, зенітна-ракетны комплекс сярэдняй дальнасці на базе сістэмы «Бук». Вучоныя думаюць таксама над шляхамі мадэрнізацыі ракетаў класу «паветра-паветра» бліжняга радыуса дзеяння, якія дасталіся нам яшчэ ад СССР.

Беларускія беспілотнікі

Іншы прыярытэт нашай ваеннай прамысловасці – беспілотныя лятальныя апараты, якія робяцца прыкметай ужо амаль любога канфлікту. У нашым рэгіёне першым буйным сутыкненнем, у якім БПЛА шырока выкарыстоўваюцца для выведкі і карэктыроўкі артылерыйскага агню з абодвух бакоў, стала вайна на Данбасе.

Цяпер у Беларусі ўжо створаныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы бліжняга дзеяння «Беркут-1» (для выведкі ў радыусе да 15 км), «Маскіт» (да 12,5км), беспілотнік «Беркут-2» (да 35 км), шматфункцыянальны комплекс «Грыф-100» (да 100км).

«Грыф-100». Фота mil.by.

«Грыф-100» плануецца прыняць на ўзбраенне пасля правядзення пробнай эксплуатацыі ў войсках у 2017 годзе. Таксама ідзе праца над цяжкім БПЛА «Грыф-К», які зможа несці да 15 кг рознага выведна-назіральнага абсталявання.

Радыёэлектронная барацьба

З савецкіх часоў Беларусь захавала высокакваліфікаваныя кадры і магутнасці для распрацоўкі і вытворчасці ў сферы радыёэлектроннай выведкі і радыёэлектроннай барацьбы. І гэтая сфера вельмі актуальная ў сучасных умовах.

У Беларусі вырабляець комплекс радыёлакацыі на малых вышынях «Раса-РБ», распрацоўваюць комплекс «Усход-ЗД», станцыі па пастаноўцы перашкодаў «Граза-2» і «Граза-6», заканчваецца распрацоўка станцыі па барацьбе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі «Граза-С».

Адметна, што прыватная кампанія «АКБ ТСП» (былы «Технасаюзпраект») распрацоўвае аўтаномную радыёлакацыйную станцыю S-дыяпазона, якая, як плануецца, будзе «бачыць» самалёты, вырабленыя па тэхналогіі «стэлс».

Бранятэхніка

Беларусь не мае вытворчасці цяжкай браніранай тэхнікі, аднак мае цудоўныя магчымасці ў сферы браніраваных і спецыяльных аўтамабілей. Менскі завод колавых цягачоў пастаўляе свае шасі ў Расею, мае агульныя праграмы з Кітаем, а ў 2017 годзе, як піша сайт Джяркамваенпраму закончыць распрацоўку лёгкабраніраванага аўтамабіля (ЛБА) V-1, які будзе існаваць у розных мадыфікацыях і мець таксама і экспартны варыянт.

V-1 (МЗКТ-490100) на выпрабаваннях.

Чакаецца, што ў 2017 годзе дзесяць ЛБА ў розных мадыфікацыях праедуць падчас параду ў Менску.

У 2016 годзе стала зразумелым, што Расеі пакуль не атрымаецца выціснуць МЗКЦ з рынку шасі для ракетных комплексаў ці прымусіць Беларусь танна прадаць перліну свайго ВПК. Расейскі КАМАЗ распрацоўваў шасі «Платформа-О» прынамсі з пяць гадоў, выдаткаваў на гэта мільярды, аднак так і не здолеў стварыць беларускаму прадукту годнай канкурэнцыі.

Ужо ў лютым 2017 года таксама пачынаюцца выпрабаванні поўнапрываднага і плаваючага бранеаўтамабіля «Кайман», які створаны барысаўскім 140-м рамонтным заводам на базе савецкай БРДМ-2 (браніраваная выведна-дазорная машына).

«Кайман»

Акрамя таго, хоць Беларусь не вырабляе танкі, у 2017 годзе нашы інжынеры плануюць паказаць замежным кліентам экспартны варыянт мадэрнізаванага танка Т-72А – з больш магутным рухавікам, дадатковай дынамічнай абаронай, беларускай сістэмай кіравання агнём, новым цеплавізарам.

Досвед любой сучаснай вайны паказвае, што надзейная сувязь і інфармацыя куды важней за самы сучасны кулямёт ці нават гармату. У 2016 годзе беларуская армія атрымала каля 500 адзінак сучасных радыёстанцый, тэлефонных апаратаў і радыёрэлейных станцый беларускай вытворчасці, быў адпраўлены на арбіту Зямлі спадарожнік «Белінтэр», створаны наземны цэнтр кіравання.

Для пехатынца: зброя і рыштунак

Магчыма, адной з найважнейшых распрацовак, якая, праўда, яшчэ няхутка трапіць у армію, стане баявая экіпіроўка «беларускага жаўнера будучыні» – інфармацыйна-тэхнічны комплекс «Жаўнер-баявыя сістэмы». Плануецца, што баец атрымае рыштунак з такім наборам аптычна-электронных і лічбавых сродкаў сувязі і назірання, што будзе мець поўную інфармацыю пра сітуацыю ў раёне выканання баявой задачы. Пры гэтым спецыяльны датчык будзе фіксаваць стан здароўя жаўнера і сігналізаваць ягоным саслужбоўцам пра патрэбу дапамогі.

Акрамя таго ў 2016 годзе быў прыняты на ўзбраенне комплекс абсталявання для стралковай зброі, які ўжо патрапіў пад абʼектывы фатографаў падчас вучэнняў у Таджыкістане.

Такім чынам, аўтаматы АК-74, кулямёты, якія дасталіся Беларусі яшчэ ад СССР, не толькі робяцца больш зручнымі, але і атрымліваюць так званыя «планкі Пікаціні» – амаль стандартную рысу любой сучаснай стралковай зброі. На гэтыя планкі (кранштэйны) можа паставіць новы прыцэл, ліхтарык ці іншую патрэбную для стралка прыладу.

У 2017 годзе комплекс распрацоўкі ЗДЭМ можа ўжо масава пайсці ў войскі.



Фота з сайта ЗДЭМ.

У выніку беларуская армія паступова мадэрнізуецца нават ва ўмовах крызісу і жорсткіх бюджэтных абмежаванняў. А мадэрнізацыя не толькі падвышае «матэрыяльную» баяздольнасць нашых байцоў, але і падвышае іхны баявы дух, паказваючы, што народ і ўлады турбуюцца пра сваіх абаронцаў і спадзяюцца на іх.

Акрамя таго беларуская «ваенка» не толькі дае працоўныя месцы, рыхтуе высокадасведчаных спецыялістаў, падтрымлівае беларускую культуру працы і стварае высокатэхналагічную прадукцыю, але і дае прыбытак. Хоць канкрэтныя фінансавыя вынікі не называюцца, але сайт Дзяржкамваенпраму піша, што ў 2016 годзе «запланаваны абʼём чыстага прыбытку перавышаны ў 2 разы».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў