На выбарах у Туркменістане Бердымухамедаў «набраў» амаль 98 % галасоў


Сюжэт «Белсату» пра туркменскія выбары

Дзейны прэзідэнт Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедаў пераабраны на трэці тэрмін.

На прэзідэнцкіх выбарах, якія адбываліся ў Туркменістане ўчора, Бердымухамедаў атрымаў 97,69 %. Пра гэта паведамляе мясцовы ЦВК, адзначаючы, што яўка склала 97,27 %.

Гурбангулы Бердымухамедаў узначаліў Туркменістан у 2007 годзе пасля смерці першага прэзідэнта краіны Сапармурата Ніязава.

У верасні Гурбангулы Бердымухамедаў зацвердзіў новую рэдакцыю Канстытуцыі, якая адмяняе 70-гадовы ўзроставы цэнз для кандыдата на найвышэйшую пасаду і павялічвае тэрмін прэзідэнцтва з пяці да сямі гадоў. Кандыдат мусіць атрымаць больш за 50 адсоткаў ад агульнай колькасці галасоў, пры гэтым выбары адбываюцца пры любой яўцы.

На пасаду прэзідэнта балатавалася 9 кандыдатаў. Гэта найбольшая колькасць кандыдатаў у параўнанні з папярэднімі выбарамі. Так, у прэзідэнцкіх выбарах 2012 г. удзельнічала 8 кандыдатаў, у выбарах 2007 года – 6 кандыдатаў.

На выбары з песняй

Сваю перадвыбарчаю кампанію прэзідэнт Туркменістану ладзіў з творчым падыходам. Напрыклад, перад будаўнікамі газахімічнага комплексу ў Ахалскай вобласці ён выканаў песню ўласнага аўтарства «Прамень шчасця».

Да таго Бердымухамедаў любіць і «дыджэіць» і піша кніжкі, якія разлятаюцца з крамаў гіганцкімі тыражамі.

Але ёсць і іншы бок такой творчасці: паводле Туркменскай арганізацыі правоў чалавека, на шматлікія імпрэзы з удзелам Бердымухамедава масава зганяюць грамадзянаў, часам яны гадзінамі не маюць доступу да вады ці прыбіральні. А на будоўлю гіганцкага пазалочанага помніку прэзідэнту на кані грошы ўтрымлівалі з заробкаў працаўнікоў дзяржустановаў. Агулам краіну ставяць у дзясятку самых закрытых у свеце.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў