Берасцейцы ды гарадзенцы патрабуюць забараніць канцэрты Віктара Каліны


У Горадні супраць канцэрту Віктара Мілько (Каліны) выступілі прадстаўнікі палітычных партый, у Берасці – звычайныя грамадзяне, якія не жадаюць бачыць шансанье ў сваім горадзе.

Зварот з патрабаваннем не дапусціць канцэрт Віктара Мілько ў Горадні падпісалі і перадалі ўладам прадстаўнікі апазіцыйных партыяў. Выступ Каліны павінен быў адбыцца 2 лістапада на сцэне актавай залы навучальнай установы «Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў».

У Берасці канцэрт Каліны запланаваны на 15 лістапада, ён мусіць адбыцца ў абласным палацы культуры Федерацыі прафсаюзаў Беларусі. Але, як стала вядома belsat.eu, толькі за апошні дзень у мясцовы гарвыканкам было накіравана каля 20 зваротаў берасцейцаў з патрабаваннем адмяніць канцэрт. Заўважым, што змест гарадзенскіх і берасцейскіх зваротаў вельмі падобны. У звароце берасцейцаў адзначаецца, што «культурная каштоўнасць рускага шансона, як музычнага жанру, сама па сабе выклікае пытанні», але больш важна, што «творчы і жыццёвы шлях Віктара Мілько (Каліны) не адпавядае каштоўнасным і ідэалагічным прынцыпам выхавання моладзі Рэспублікі Беларусь».

«Больш за тое, некаторыя ягоныя дзеяньні могуць разглядацца як парушэнне арт. 133 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Віктар Мілько Каліна неаднаразова наведваў часова акупаваныя тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей Украіны, дзе фатаграфаваўся разам з прадстаўнікамі сепаратысцкага руху, маючы на форменным адзенні знакі ўзнагароды і трымаючы зброю ў руках. У так званай ДНР Віктар Мілько атрымаў некалькі узнагарод, сярод якіх «Защитник Новороссии». З чаго можна зрабіць выснову, што Віктар Мілько (Каліна) мог удзельнічаць у баявых дзеяннях на баку самаабвешчаных тэрарыстычных арганізацыяў. Спявак неаднаразова выказваў падтрымку сепаратыстам, у тым ліку ў сваіх песнях. У сацыяльных сетках ён дазваляе сабе прыніжаць людзей па нацыянальных і моўных прыкметах, выкарыстоўваючы вульгарныя звароты мовы і нецэнзурную лексіку, называючы некаторых грамадзян Беларусі «недабеларусамі», краіну «беларашкай» і г.д», – адзначаецца ў дакуменце.

Адной з тых, хто заклікае падпісваць гэты зварот да берасцейскіх уладаў стала журналістка Мілана Харытонава, вось, што яна распавяла belsat.eu:

«Тое, што ў гэтага выканаўцы надзвычай нізкі прафесійны ўзровень, гэта адная справа. Можа і на такую нізкаякасную музыку ёсць попыт. Але вось тое, што пасля ягоных абразлівых допісаў, пасля выказвання знявагі да беларусаў, пасля візітаў на акупаваныя тэрыторыі і далейшыя выказванні, ён гастралюе па Беларусі – гэта проста ганьба. Максімум што пасля гэтага можна дазволіць Каліне – гэта канцэрт у калоніі, дзе яму самае месца. Я прапанавала маім сябрам у сацсетках падпісваць падобныя звароты, і людзі далучаюцца вельмі ахвотна. Спадзяюся ўлады прыслухаюцца да меркавання дзясяткаў берасцейцаў».

ХВ, belsat.eu

Стужка навінаў