Берасцейскую недармаедку скралі і адвезлі ў суд. Ейны муж хаваецца ад міліцыі


Пра раптоўнае знікненне Паліны Шарэнды-Панасюк праваабаронцам «Вясны» паведаміў ейны муж, актыўны ўдзельнік пратэстаў недармаедаў Андрэй Шарэнда, які цяпер хаваецца ад міліцыі.

А 9-й раніцы Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла з дому і не вярнулася. Ніякай інфармацыі пра ейнае месцазнаходжанне ў сваякоў не было. Тэлефон не адказваў.

Удзень у дзверы кватэры Шарэндаў, дзе з двума малымі дзецьмі засталася маці Паліны, прыйшоў супрацоўнік міліцыі і жанчына з органаў апекі. Яны сказалі, што хочуць паглядзець, у якіх умовах жывуць дзеці, маўляў, суседзі ім паведамілі, што ў кватэры часта адбываюцца сваркі паміж мужам і жонкай.

Каментуючы гэта, Андрэй Шарэнда адзначыў, што ніякіх асаблівых сварак паміж ім і жонкай не было.

Андрэй Шарэнда быў затрыманы 3 сакавіка і атрымаў штраф у 25 базавых велічынь за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які праходзіў у Берасці 26 лютага.

Пасля акцыі «недарамаедаў» 12 сакавіка каля дому актывістаў пастаянна дзяжурыла невядомае аўто. Пасля гэтай акцыі людзі правялі дадому жонку Шарэнды, каб яна магла пазбегнуць затрымання, але міліцыянты спрабавалі патрапіць у кватэру, дзе яна была адна з малымі дзецьмі. У іх гэта не атрымалася.

А 17-й гадзіне стала вядома, што жанчыну даставілі ў суд Ленінскага раёну, дзе меўся адбыцца адміністратыўны працэс.

Cпіс затрыманых за акцыі недармаедаў: на 14 сакавіка – больш за 100 асобаў.

ЮВ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў