Берасцейскія незалежныя журналісты звярнуліся ў Вярхоўны суд Беларусі


Пасведчанні журналістаў на фоне адказу старшыні абласнога суда. Пасведчанні дзейсныя да канца 2017 году, судзя ж сцвярджае, што яны даўно пратэрмінаваныя.

Больш за паўгады спатрэбілася незалежным журналістам з Берасця Алесю Ляўчуку і Мілане Харытонавай, каб прайсці ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі і падаць скаргу ў Вярхоўны суд.

Нагадаем, што журналісты былі брутальна затрыманыя ў Кобрыне 18 сакавіка, калі асвятлялі акцыю недармаедаў, пасля чаго кобрынскі суд прысудзіў журналістам штраф памерам больш за 1000 долараў.

Гэта затрыманне журналісты абскарджвалі не толькі ў Берасцейскім абласным судзе, але звярталіся ў МУС, Следчы камітэт, пракуратуру розных узроўняў.

«Я ведаў, што ў Беларусі няма судоў, але скажу наступнае: у краіне створана такая сістэма, якая на любым дзяржаўным узроўні пакрывае тых бандытаў якія схапілі нас, збівалі, знішчалі нашу маёмасць, потым судзілі. Хачу каб уся краіна ведала прозвішчы гэтай банды: Вячаслаў Клімчук, Андрэй Дзегель, Ігар Карповіч, Мікалай Салей, Андрэй Ралло, Мікалай Сурма, Віталь Саўчук, Віктар Петрасюк, Зміцер Арэшчук, Віктар Гелемент, Зміцер Швед – усе супрацоўнікі кобрынскай міліцыі. Суддзя Кобрынскага раённага суда Вадзім Здановіч, суддзя Берасцейскага абласнога суду Аляксандр Саўчук, і выконваючы абавязкі старшыні Берасцейскага абласнога суда Эдуард Каспяровіч», – кажа Алесь Ляўчук.

Як раз у суддзі Каспяровіча Ляўчук і Харытонава абскарджвалі апошняе рашэнне, і былі вельмі здзіўлены ягоным адказам.

«Я ў шоку ад пісаніны старшыні абласнога суда. Ён не проста перапісаў хлуслівыя сведчанні кобрынскіх міліцыянтаў, як гэта рабілі папярэднія суддзі, а такіх казак навыдумляў, што я сумняюся ў яго адэкватнасці. Па ягонай версіі словы сведкі Андрэя Дземчука, што адвозіў нас у той дзень у Кобрын і быў затрыманы разам з намі, не супярэчаць паказанням міліцыянтаў. Хаця пры першым позірку ў пратаколы відавочна, што гэта абсалютна супрацьлеглыя сведчанні. Потым суддзя Каспяровіч выдумаў што тэрмін дзеяння нашых журналісцкіх пасведчанняў выйшаў у студзені 2017 году, хаця насамрэч пасведчанні дзейсныя да канца гэтага году. І ніхто раней пытанне пра гэтыя даты не ставіў пад сумнеў, чаму ў суддзі вынікла такая фантазія для мяне загадка».- распавядае Мілана Харытонава.

Журналісты не маюць ілюзіяў датычна рашэння Вярхоўнага суда, у якога просяць спыніць адміністратыўную справу і маюць намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека.

ХВ Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары