Берасцейскі журналіст змусіў «Алмі» зняць расейскі сцяг са службовага аўта


Пры гэтым яго працаўнікі кампаніі «Юніфуд», якой належыць гандлёвая сетка «Алмі», прадэманстравалі кепскае веданне законаў і беларускай мовы.

Незалежны журналіст Алесь Ляўчук вядзе перапіску з «Алмі» ўжо два гады, але гэтым разам афіцыйны адказ уразіў журналіста.

«Такое пачуццё, што адказ кампанія «Юніфуд» пісала ўсёй фірмай, кожны аддзел па абзацу. Другі момант – навошта спрабаваць адкрыта хлусіць у афіцыйным адказе? На здымку выразна відаць, што расейскі сцяг прымацаваны на лабавым шкле, а гэта парушэнне артыкула 18.12 КаАП РБ. Няхай прыхільнікі «русского мира» запомняць, што ў Беларусі з расейскімі сцягамі і георгіеўскімі стужкамі ездзіць нельга», – тлумачыць сітуацыю Алесь Ляўчук.

Летась журналіст папрасіў «Алмі» спыніць гандляваць крадзеным, калі ўбачыў расейскі сцяг каля крымскіх вінаў. Афіцыйнага адказу ён не атрымаў, але зварот падзейнічаў. Крама хоць і не адмовілася ад продажу вінаў, але зняла ўсе таблічкі аб прыналежнасці Крыму да Расеі.

Гэтак выглядалі паліцы «Алмі» летась

«Як бачым іх хапіла на год. Беларусы знаходзяцца пад шквалам расейскай прапаганды і не разумеюць, да чаго можна прывесці на першы погляд бяскрыўдны расейскі сцяг на аўце. Ва Украіне гэта прывяло да расейскай агрэсіі, і я не хачу, каб так было ў Беларусі. Таму буду прасіць розныя структуры прыбіраць расейскія сцягі з аўтаў, бо ім там не месца», – кажа журналіст.

Пры ўсей сур’ёзнасці сітуацыяў, да якіх прыводзіць расейская прапаганда, у Беларусі ніводная арганізацыя, куды звяртаўся Ляўчук, не адмовіліся зняць расейскі сцяг ці георгіеўскую стужку з аўто. Ты не менш за гэта некаторым структурам давялося заплаціць штраф.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў