У судзе не змаглі запусціць CD з «доказам віны» Пятрухіна. Але блогера і так аштрафавалі


Вядомага блогера з гораду над Бугам Сяргея Пятрухіна суд Ленінскага раёну Берасця палічыў вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемcтва і прысудзіў яму штраф у памеры 45 базавых велічыняў.

Суд разглядаў адміністрацыйныя справы супраць Сяргея Пятрухіна і актывіста з Берасця Канстанціна Астапука. Міліцыянты затрымалі актывістаў 30 верасня адразу ж пасля акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Затрыманыя ў Берасці Сяргей Пятрухін і Канстанцін Астапук да суду знаходзяцца ў ІЧУ

Сяргей Пятрухін мае выплаціць 1 102 рублі і 50 капеек, Астапук таксама аштрафаваны на 343 рублі.

Пасля суда Сяргей Пятрухін заявіў, што лічыць вырак незаконным, паколькі міліцыянты, якія сведчылі ў судзе, не змаглі прадставіць доказаў.

«Участковы, які прынёс дыск з відэазапісам майго адміністрацыйнага правапарушэння. Але так сталася, што гэты дыск так і не адчыніўся. Таму буду аспрэчваць рашэнне суда», – заявіў Сяргей Пятрухін.

Берасцейцы каторы месяц ладзяць акцыі пратэсту супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага заводу ТАА «АйПауэр». Жыхары гораду і раёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Сяргей Пятрухін выступае на баку праціўнікаў заводу і распаўсюджвае інфармацыю пра парушэнні пры будаўніцтве шкоднай вытворчасці, за што яго неаднаразова затрымлівалі.

Яшчэ па гэтай тэме:

«На зямлю! Рукі за спіну!»: міліцыя ў масках уварвалася да берасцейскага блогера

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары