Берасцейская трагедыя: Пенсіянер памёр падчас затрымання. Ёсць шмат пытанняў


Праваахоўнікі ці правапарушальнікі? У Берасці пасля канфлікту з супрацоўнікамі міліцыі раптоўна памёр пенсіянер.

Сваякі кажуць, што Віктара Сітнікава, які перанёс інсульт, штурхалі ды хацелі забраць ва ўчастак людзі ў пагонах. У міліцыянтаў свая версія.

Няшчасны выпадак ці забойства? Суботні вечар 16 красавіка стаў па-сапраўднаму трагічны для сям’і Сітнікавых з Берасця. Муж, тата, дзядуля, Віктар Сітнікаў, памёр літаральна пад вокнамі ўласнай кватэры на вуліцы Смірнова. Памёр пасля канфлікту і спрэчак з міліцыянтамі.

«Я заўважыла, што ў дзядулі была разбітая левая рука, яна была акрываўленая. Былі пырскі ў яго на твары, пырскі крыві каля лавачкі ды на сценцы каля пад’езду», – распавядае Крысціна, унучка Віктара Сітнікава.

Што праўда, паводле заявы Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскай вобласці, фізічнай сілы ў дачыненні мужчыны міліцыянты не ўжывалі. Версія ж сілавікоў наступная: Сітнікава, які распіваў алкагольныя напоі на двары, хацеў затрымаць патруль, аднак той ісці ў пастарунак адмовіўся і скіраваўся да дому, міліцыянты пайшлі следам. Каля пад’езду ж яму стала кепска… Але сведкі кажуць іншае.

Тое, што яны пабачылі апісвае сын Віктара Сітнікава Раман:

«Яны бачылі, што тут пачалі «мурыжыць» бацьку, яго вялі ад «Мігаюсту», ужо там яго пачалі трэсці, спрабавалі забраць у пастарунак. Ну, у 73 гады, чалавек пасля інсульту, ён спрабаваў зайсці дадому, ён тут ім даказваў, што ён цвярозы, каб яго пусцілі дахаты. Яны яго пачалі валтузіць тут».

Як лічаць сваякі, хворага мужчыну міліцыянты сапраўды маглі прыняць за п’янага, але навошта яго збівалі? Справаю заняўся Следчы камітэт, агучылі прычыну смерці Віктара Сітнікавасардэчна-судзінная недастатковасць. Што ж да збіцця…

«На левай ручыцы мелася рана, якая не ў прычыннай сувязі з гібеллю. На правай ручыцы меліся два крывападцёкі, даўнасць аднаго з іх каля двух содняў, другога – каля тыдня. Іншых пашкоджанняў на целе мужчыны не было, у крыві выяўлены алкаголь», – заявіла афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэту па Берасцейскай вобласці Марына Дранькова.

Дык хто ж мае рацыю? Што праўда, не на карысць міліцыянтаў той факт, што выпадкі, калі гэтак званыя праваахоўнікі перавышаюць свае паўнамоцтвы, адбываюцца рэгулярна. І часам пры вялікай колькасці сведкаў. Летась на пляжы сілавікі брутальна затрымліваюць мужчыну на мыліцах, а яшчэ распраўляюцца з пінскімі пенсіянерамі, гандлярамі садавіны і гародніны, да таго ж і шырока вядомая і гісторыя збіцця амапаўцамі сляпога ў менскім метро.

«Мы не зафіксавалі ніводнай справы, дзе б працаўнікі міліцыі былі прыцягнутыя да адказнасці за перавышэнне сваіх паўнамоцтваў. Зразумела, што праз гэтую беспакаранасць, праз адсутнасць кантролю з боку пракуратуры, МУС, шараговыя працаўнікі чыняць гэтыя злачынствы», – тлумачыць былы следчы, праваабаронца Алег Волчак.

Сваякі ж Віктара Сітнікава абяцаюць прыкласці ўсе намаганні, каб вярнуць ягонае добрае імя і каб вінаватых у ягонае смерці пакаралі.

«Гэта несправядліва, гэта ўжо не першы раз, не першы выпадак, гэта ўсё застаецца беспакарана. Мы гэтую справу проста так не пакінем», – кажа Крысціна.

Стужка навінаў