Берасцейская міліцыя выдаліла са свайго сайту фотаздымкі ўчастковых. Навошта?


З сайту Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму зніклі фатаграфіі ўчастковых міліцыянтаў.

Скрыншот з сайту УУС Берасцейскага аблвыканкаму (пасля выдалення)

«Зразумейце нас, іхныя фотаздымкі апублікавалі на сайце анархістаў. Мы вырашылі выдаліць фотаздымкі нашых працаўнікоў», – тлумачыць у каментары Belsat.eu Сяргей Дучэнка з Аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Берасцейскага аблвыканкаму.

Фотаздымкі з берасцейскімі праваахоўнікамі апублікаваў сайт «Анархічны чорны крыж Беларусь». Фатаграфіі былі выкарыстаныя ў публікацыі «Як працавалі сілавікі падчас пратэстных акцыяў у Берасці». Сайт працуе.

Са старонкі УУС выдалілі фатаграфіі ўсіх участковых інспектараў Берасцейшчыны. Першымі зніклі фота працаўнікоў Ленінскага РАУС Берасця – менавіта ў гэтым раёне гораду ў лютым ды сакавіку адбываліся практычна ўсе акцыі пратэсту супраць Дэкрэту № 3. Участковыя інспектары гэтага РАУС складалі пратаколы на ўдзельнікаў пратэстаў, актывістаў ды журналістаў.

Пазней зніклі фота ўсіх участковых інспектараў міліцыі вобласці, а таксама інспектараў па справах непаўнагадовых. Цяпер на сайце УУС можна ўбачыць толькі фотаздымкі кіраўніцтва.

Паводле Сяргея Дучэнкі, аналагавыя версіі фотаздымкаў участковых засталіся на адмысловых стэндах у берасцейскіх крамах ды іншых публічных месцах. 

Скрыншот з http://uvd.brest.gov.by/struktura-ovd/go-rovd/28/ (перад выдаленнем)

АС, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў