Берасцейская міліцыя не бачыць парушэнняў у закліках правесці рэферэндум аб аб’яднанні з Расеяй


Берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук звярнуўся ў міліцыю з патрабаваннем адшукаць аўтараў каментароў размешчаных на партале virtualbrest.by. Паводле журналіста, змест каментароў парушае законы Беларусі.

9 кастрычніка 2017 года на берасцейскім інфармацыйным партале virtualbrest.by быў арублікаваны артыкул «Берасцеец папрасіў прыбраць з аўтобуса сцягі РФ, і яму адказалі». У адным з каментароў пад артыкулам было сказана, што беларусы не супраць рэферэндуму аб далучэнні да Расеі. У яшчэ адным каментары сцвярджалася, што пра рэферэндум мараць 90 % беларусаў, а Пуціна сваім прэзідэнтам лічаць 100 % беларусаў.

Ляўчук звярнуўся ў Маскоўскі РАУС з патрабаваннем правесці праверку, знайсці каментатараў і прыцягнуць іх да адказнасці па артыкуле 361 Крымінальнага кодэксу.

Міліцыя не адрэагавала на зварот Ляўчука. У адказе, які атрымаў журналіст, міліцыя спасылаецца на артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе свабоду меркаванняў.

«З маёй заявай працаваў участковы інспектар Сяргей Бойка. Ён цэлы месяц бегаў ад мяне, а калі мы сустрэліся, то да заканчэння тэрмінаў адказу па справе заставалася менш за 48 гадзінаў. Ён увогуле не разумеў у чым сутнасць маёй заявы. Праца наагул не была праведзеная. Пазней я атрымаў адпіску. Лічу, што міліцыя ўхілілася ад выканання сваёй працы. Затое яны працягваюць пераследаваць беларускіх патрыётаў і незалежных журналістаў, а прарасейскія сілы з маўклівай згоды сілавых структураў адчуваюць сябе ў Беларусі прывольна. Гэта вельмі небяспечная сітуацыя, якая можа прывесці да вельмі сумных наступстваў», – распавёў Алесь Ляўчук «Белсату».

ХВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары