Берасцейскага апазіцыянера за намер выйсці на плошчу выклікалі ў пракуратуру


Сёння пракуратура Бярозаўскана раёну папярэдзіла актывіста АГП Аляксандра Кабанава аб недапушчальнасці парушэння закона «Аб масавых мерапрыемствах».

19 лютага Аляксандр Кабанаў распавёў нашаму сайту, што выйдзе на плошчу, калі ўлады не спыняць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Кампанія супраць будоўлі заводу цягнецца ўжо амаль два месяцы.

«Мяне выклікалі ў пракуратуру пасля заявы ў роліку на ютубе, дзе я заявіў, што а 12:00 у нядзелю ў Берасці выйду на плошчу Леніна, калі не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага заводу. Мне зрабілі афіцыйнае пракурорскае папярэджанне аб тым, што нельга парушаць закон аб масавых мерапрыемствах, а я пракурору растлумачыў, што маё жаданне выйсці на плошчу Леніна не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, што я не буду падаваць ніякія заявы ў аблвыканкам або гарвыканкам.

Тады ў мяне пракурор спытаў, што будзе, калі да мяне падыдуць людзі. Я адказаў, што няхай падыходзяць, мы будзем хадзіць і размаўляць, я ім раскажу сваю пазіцыю па акумулятарнаму заводу, чаму я супраць будаўніцтва.

У гэтым я таксама не бачу нічога незаконнага – плошча Леніна гэта грамадскае месца, і людзі маюць права там сустракацца і размаўляць», – распавёў Belsat.eu Аляксандр Кабанаў.

Нагадаю, што ўлады не спынілі будаўніцтва заводу. У справе акумулятарнага заводу пракуратуру ўмешваецца ўжо другі раз. Нагадаем, 27 студзеня ў вёсках Шэбрын і Косічы былі запланаваныя сустрэчы грамадзянаў з незалежнымі журналістамі, на якіх планавалася абмеркаваць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Але пракуратура Берасцейскага раёну пагражае ўсім удзельнікам гэтых сустрэчаў штрафамі. Абвестка аб гэтым з’явілася каля крамы ў вёсцы Шэбрын, але нягледзячы на гэта каля дзясятка чалавек прыйшлі на сустрэчу – нікога не затрымалі.

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў