Берасцейскае «Дынама» паказала, які стадыён збіраецца збудаваць


Арэна клубу з-над Бугу зможа змясціць 30 тысячаў чалавек. Для прыкладу, хатні стадыён БАТЭ – «Барысаў-арэна» – змяшчае толькі 13 126 чалавек.

26 ліпеня перад пачаткам матчу Лігі Еўропы паміж берасцейскім «Дынама» і грэцкім «Атрамітасам» гледачам упершыню паказалі макет новага стадыёну, які павінен з’явіцца ў Берасці праз тры гады.

Арэну збудуюць у раёне Камянецкага кола на поўначы гораду, зямлю пад гэтыя мэты ўжо вылучыў берасцейскі гарвыканкам. Стадыён будзе насіць імя шматгадовага кіраўніка ААЭ шэйха Заіда бін Султана ан-Наг’яна.

Партнёр клубу – кампанія SOHRA Overseas, якая займаецца прасоўваннем беларускіх грузавікоў і трактароў у Афрыцы і краінах Арабскай затокі. Уладальнік фірмы – шэйх Поль Даэр з ААЭ.

Будаўніцтва павінна быць завершана на працягу 3 гадоў.

Упершыню аб намеры пабудаваць стадыён берасцейскі клуб заявіў у траўні, падчас падпісання кантракта з Дыегам Марадонам у ААЭ. Яшчэ раз пра новы стадыён заявілі 16 ліпеня падчас прыезду аргентынца ў Берасце.

Цяпер «Дынама» гуляе на поле спарткомплексу «Берасцейскі», які разлічаны на 10 169 месцаў. Комплекс не з’яўляецца ўласнасцю клубу. Статус «Берасцейскага» не дазваляе яму прымаць матчы групавога турніру Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

СА

Стужка навінаў