Берасце застанецца без хакейнага клубу


Хакейны клуб з гораду над Бугам адмаўляецца ад удзелу ў беларускай Экстралізе, бо няма грошай.

Адпаведны ліст ужо накіраваны ў Беларускую федэрацыю хакею. Пра гэта распавёў начальнік упраўлення спорту і турызму Берасцейскага аблвыканкаму Мікалай Глушэня.

«Вынікаў у ХК «Берасце» у Экстралізе няма, каманда зʼяўляецца «хлопчыкамі для біцця», ёсць вялікія запазычанасці па заробках. Для аднаго сезону «Берасцю» трэба будзе атрымаць усе бюджэтныя сродкі плюс прынамсі 7 млрд рублёў спонсарскіх грошай. Бюджэтная сума заўжды выплачвалася своечасова, а сітуацыю са спонсарамі сёння, думаю, вы самі ведаеце», – распавёў Мікалай Глушэня.

Такія аргументы адмовы ад удзелу ў чэмпіянаце падтрымаў і губернатар Берасцейскай вобласці Анатоль Ліс.

Паводле Мікалая Глушэні, цяпер прынятая новая канцэпцыя развіцця хакею ў рэгіёне, у якім ёсць восем лядовых палацаў і некалькі ДЮСШ па хакеі. Грошы будуць укладвацца ў дзіцяча-юнацкі спорт. Калі моладзь падрасце, з яе можна будзе сабраць моцную дарослую каманду, мяркуе начальнік упраўлення спорту і турызму.

НМ, belsat.eu, паводле hcbrest.com, фотаздымак hcbrest.com

Стужка навінаў